Відзаўскі “чалавек з бульвара Капуцынаў”

Калейдоскоп Люди

IMG_7187У кожнага сваё прызванне: адны пякуць хлеб, другія лечаць людзей, трэція будуюць дамы, а ёсць такія, што па загадзе сэрца вывучаюць гісторыю роднага краю, адкрываюць яе новыя таямніцы і захоўваюць іх для нашчадкаў. Да апошніх адносіцца і выкладчык Відзаўскага каледжа Леанід Дзікцяроў.

Працаваць над зборам матэрыялаў па гісторыі свайго пасёлка, найважнейшых падзей, што адбываліся на роднай зямлі, краязнаўца пачаў даўно і грунтоўна. Але з павелічэннем колькасці першакрыніц у яго паўстала пытанне, як зрабіць вынікі сваёй працы даступнымі для большай колькасці людзей, асабліва моладзі.

— Адказ на гэтае пытанне, — кажа Л. Дзікцяроў, — прыйшоў падчас прагляду расійскай праграмы, дзе вучоны размаўляў з маладым чалавекам пра спрэчныя пытанні гісторыі Расіі.

Гэта ідэя і легла ў аснову мультымедыйнага праекта “Відзы: гістарычныя дыялогі”. Вакол апантанага краязнаўца аб’ядналіся аднадумцы — пастаянны суразмоўца ў кадры Аляксандр Лебедзеў і Раман Стома, які займаецца відэамантажом фільмаў. У лютым мінулага года кінематаграфічны рухавік закруціўся.

Спачатку пры напісанні сцэнарыяў творчая група выкарыстоўвала навуковую літаратуру, аднак хутка гэтых крыніц стала недастаткова, і відзаўчане заняліся краязнаўчымі даследаваннямі. У час такіх вандровак на паверхню пачалі выплываць новыя, невядомыя дагэтуль факты. Асабліва шмат невялікіх адкрыццяў, адзначае Леанід Усцінавіч, было зроблена падчас працы над фільмам “Язычніцкія вераванні Відзаўшчыны”. Матэрыял гэтага раздзелу аказаўся такім аб’ёмным, што яго прыйшлося падзяліць на сем самастойных фільмаў.

Аматарская кінавытворчасць прывяла да неабходнасці ўцягваць у працэс таленавітых людзей: мастакоў, музыкаў, артыстаў, спецыялістаў па камп’ютарнай графіцы. Ад выпуску да выпуску расла і тэхнічная вартасць фільмаў.

Свае відэаматэрыялы выкладчык выкарыстоўвае на куратарскіх гадзінах, іх з цікавасцю глядзяць члены літаратурнага аб’яднання ў мясцовай бібліятэцы. А каб пашырыць кола гледачоў, аўтары выклалі фільмы ў інтэрнэт. З’явіліся свае прыхільнікі, якія чакаюць выхаду новай часткі.

Вельмі часта краязнаўцу даводзіцца чуць пытанні, навошта яму траціць свае грошы і час.

— Здымаючы кіно, — кажа Л. Дзікцяроў, — адчуваю незвычайную ўзрушанасць і задавальненне. І, як герой фільма “Чалавек з бульвара Капуцынаў”, веру: менавіта сінематограф здольны зрабіць чалавека намнога лепшым.

Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.