І для грамадскага статка рыхтуюць, і людзям дапамагаюць

Деньги

IMG_3330Больш за 5 тысяч тон сенажу і 150 т сена, або па 10 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, з пачатку сезона корманарыхтоўкі паспелі назапасіць у КУСП «Відзаўскі». Ужо закладзена па 2 траншэі сакавітага корму ля ферм у Дрысвятах, Гірэйшах, Груштэлішках, адна ў Грытунах. На гэтым тыдні траншэю заклалі ў Каралюнцах.

У цэлым работай механізатараў корманарыхтоўчага атрада, у якім задзейнічана 12 адзінак тэхнікі, дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Трыдзенскі задаволены. Людзі стараюцца зрабіць сваю работу якасна, не марнуючы лішняга часу. У гэтым яны матэрыяльна зацікаўлены, бо расцэнкамі прадугледжана нямала надбавак: за перакрыццё дзённых норм выпрацоўкі, якасць выконваемых работ. У дадатак гаспадарка рэгулярна выплачвае зарплату.

Акрамя грашовых выплат, прадугледжана і стымуляванне натуральным прадуктам. Усе занятыя на сенакосе механізатары атрымаюць сена для паўнацэннага пракорму адной каровы ў зімовы час.

Падтрымліваюць у сельгаспрадпрыемстве і тых вяскоўцаў, якія трымаюць кароў. Усім, хто не жадае ці не мае сілы махаць касой, выдзяляюць касілку. А хочаш зарулоніць сена — можна выпісаць і прэспадборшчык. Дарэчы, калі ехаў праз Гірэйшы, у многіх дварах вяскоўцаў бачыў ужо прывезеныя з поля рулоны. А яшчэ ў бліжэйшых планах кіраўніка — папоўніць запасы кармоў для грамадскага статка кансерваваным у стрэйч-упакоўку сенажом.

Для гэтага выдзелены вялікі ўчастак сенажаці з бабова-злакавым травастоем, закуплены ўпаковачныя матэрыялы. Травы першага ўкосу ў «Відзаўскім» ужо на зыходзе. Аднак нядаўнія дажджы даюць спадзяванне на рост атавы пад другі. Да таго ж гаспадарка праплаціла грошы на набыццё азоту для падкормкі кукурузы, частку якога можна будзе выкарыстаць для сілкавання траў.

Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара.