ПРАФЕСІЯ, ВЫБРАНАЯ НАЗАЎСЁДЫ

Деньги Люди

IMG_6906Галоўнага эканаміста ААТ «Слабодка-агра» Аліну Забароўскую я застаў не ў рабочым кабінеце за камп’ютарам, а на сянажнай траншэі ў Літоўшчыне. Яна вяла ўлік паступаючай зялёнай масы, сачыла за якасцю трамбоўкі, у вызначаны час вяла замеры тэмпературы і вільготнасці закладваемага сенажу. Яе рабочы дзень нярэдка пачынаецца ў кабіне трактара. Калі механізатары пераязджаюць на работу ў новае месца, яна садзіцца побач з трактарыстам, каб удакладніць кіламетраж. Вечарам разам з інжынерам праводзіць замер рэшткаў паліва ў баках сельгасмашын. Таму, казала, не такая ўжо і кабінетная пасада эканаміста. Але ж і ад работы з бухгалтарскай дакументацыяй гэтыя нагрузкі не вызваляюць, тым больш калі няма каму падмяняць.

Свядома ці не абрала сабе гэтую прафесію, Аліна Аляксандраўна дакладна сказаць не можа і сёння. Спачатку марыла стаць настаўніцай, бо лёгка даваліся мова і літаратура. А ў старэйшых класах пацягнула да дакладных прадметаў. Таму рашыла паступаць у Полацкі сельгастэхнікум.

— Вучоба давалася лёгка, цяжэй было пражыць амаль на адну стыпендыю, — расказвала А.Забароўская. — Адначасова са мной у педвучылішча паступіла мая малодшая сястра. Бацькі ж працавалі ў калгасе, вядома, якія грошы зараблялі. А акрамя нас, дома хадзілі ў школу яшчэ дзве сястры. Таму мы, студэнткі, як маглі, дапамагалі адна адной.

Пасля заканчэння тэхнікума па размеркаванні А. Забароўская трапіла на пасаду галоўнага бухгалтара тагачаснага калгаса «Радзіма». Дзяўчына сумленна старалася навесці ў справах належны ўлік пасля папярэдніцы, але разумела, што, каб стаць сапраўдным прафесіяналам, не хапае ведаў. Таму на другі год паступіла на завочнае аддзяленне інстытута народнай гаспадаркі. Атрыманыя там веды, практыка, скрупулёзнасць у рабоце дапамаглі Аліне Забароўскай у хуткім часе заняць дастойнае месца ў кагорце лепшых спецыялістаў сельгасвытворчасці.

На маё пытанне пра самыя цяжкія перыяды ў рабоце жанчына, не задумваючыся, адказала: — Аб’яднанні гаспадарак. За маю бытнасць галоўным эканамістам такіх было тры. Спачатку «Радзіму» далучылі да калгаса імя Леніна, затым прыбавілася «Дружба», а пазней — СВК «Іказнь». У кожнай бухгалтэрыі свае падыходы да ўліку, нарміроўкі, налічэння зарплаты. Усіх нюансаў не пералічыш. Дык вось, каб звесці ўсё да адзінай сістэмы, іншы раз і трох месяцаў не хапала. Брала дамоў дакументацыю, з якой працавала па вечарах, пасля таго, як упраўлюся з хатняй гаспадаркай.

Дырэктар ААТ «Слабодка-агра» Аляксандр Дзегцяроў, у якога запытаў пра прафесійныя якасці галоўнага эканаміста, як заўжды, сказаў каротка: — Граматны, талковы, а галоўнае, надзейны спецыяліст. На такога можна заўжды спадзявацца, не падвядзе. Нягледзячы на занятасць на рабоце, у хатняй гаспадарцы, Аліна Аляксандраўна не цураецца і грамадскіх нагрузак. Больш за 10 гадоў запар аднавяскоўцы абіраюць яе старэйшынай вёскі Завер’е. І яна заўсёды знаходзіць час, каб дапамагчы сяльчанам вырашыць тую ці іншую праблему, а часам проста выслухаць, даць карысную параду.

P.S. Паслязаўтра калегі па рабоце, сям’я будуць віншаваць Аліну Аляксандраўну Забароўскую з днём нараджэння. Рэдакцыя з задавальненнем далучаецца да віншаванняў і жадае імянінніцы не здаваць заваяваных пазіцый, быць здаровай і жыццярадаснай.

■ Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.