Годна прадставіў Браслаўшчыну Валянцін Любінскі

Главное Люди

IMG_0174У сакавіку адбыўся заключны рэспубліканскі этап алімпіяды сярод школьнікаў. Годна прадставіў Браслаўшчыну на інтэлектуальным спаборніцтве 11-класнік Дрысвяцкай школы Валянцін Любінскі. Ён заняў трэцяе месца па гісторыі, крыху саступіўшы пераможцы. Для Валянціна, яго настаўніцы Аліцыі Прахарэнкі і ўвогуле ўсёй школы гэта значная перамога.

А яшчэ гэта заслужаная ўзнагарода. Дарога да перамогі пачыналася з дзіцячага захаплення цікавымі фактамі і падзеямі. У 5 класе, калі ў школьнай праграме з’явілася гісторыя, Валянцін зразумеў, што для яго гэта самы цікавы прадмет. Тады ж пачаў спрабаваць свае сілы ў алімпіядах — і, даволі паспяхова. Кожны год вынікі былі ўсё лепш і лепш. Так, будучы васьмікласнікам, хлопец нават выступіў за 10 клас і паказаў добры вынік. Апошнія тры гады В. Любінскі займаў першыя месцы па гісторыі ў раёне і спрабаваў свае сілы ў вобласці, дзе таксама заўсёды быў у тройцы лідараў. З рэспублікі ён таксама тройчы вяртаўся з дыпломамі.

Гісторыю Валянцін лічыць захапляльным і ніколькі не складаным прадметам. І хоць ён добра ведае ўвесь яе курс, аднак больш цікавіцца ваеннай тэматыкай, асабліва перыядам напалеонаўскіх войнаў. Рыхтавацца да алімпіяды дапамагала настаўніца, таксама хлопец чытаў шмат дадатковай літаратуры, многа цікавай інфармацыі знайшоў у інтэрнэце.

— Алімпіяда дапамагае не толькі праверыць свае веды, але і самаразвіцца. Калі ўсё атрымліваецца, гэта павышае самаацэнку, а калі не — стымул працаваць яшчэ больш над сваімі ведамі. Заняць трэцяе месца ў рэспубліцы было складана, заданні былі нялёгкія, аднак мне ўдалося паспяхова з імі справіцца, — кажа хлопец.

Трэцяе месца ў алімпіядзе дае права Валянціну паступаць у любы ўніверсітэт на факультэт, дзе гісторыя з’яўляецца профільным прадметам, без экзаменаў. Хлопец ужо вырашыў, што яго прафесія будзе абавязкова звязана з гісторыяй, засталося толькі вызначыцца з ВНУ.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.