Пад дэвізам дабра і справядлівасці

Главное

799300x200У грамадскіх аб’яднаннях

 

З нагоды 25-гадовага юбілею, які адзначыла ў гэтым месяцы Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, у Браславе адбыўся ўрачысты злёт. Ён сабраў самых актыўных піянераў і акцябрат раёна і іх педагогаў.

Урачыстую атмасферу мерапрыемства падтрымала выступленне барабаншчыц з ансамбля “Брава”. А перапоўненая актавая зала СШ №1 яскрава сведчыла,  што піянерская справа на Браслаўшчыне жыве і квітнее. Гэта пацвердзіла і старшыня раённага савета БРПА Алена Міхновіч, якая расказала пра шматлікія цікавыя справы ўдзельнікаў арганізацыі. Ужо самі назвы акцый — “Вялікае сэрца”, “Твары дабро”, “Клопат” — выдатна раскрываюць сутнасць работы піянераў. Да таго ж дзеці дастойна прадстаўляюць наш раён на конкурсах рознага ўзроўню.

Удзельнікаў злёту віталі ганаровыя госці, сярод якіх былі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч, дырэктар цэнтра дзяцей і моладзі Ірына Угарэнка, галоўны спецыяліст раённага камітэта БРСМ Святлана Лапыр. Яны адрасавалі юным актывістам цёплыя словы віншавання, узгадалі ўласнае піянерскае дзяцінства і выказалі ўпэўненасць, што піянеры Браслаўшчыны — дастойная маладая змена, якая будзе працягваць слаўныя традыцыі нашай краіны.

Злёт стаў памятным і для вучняў 5-х класаў, якія ўступілі ў рады БРПА і далучыліся да вялікай піянерскай сям’і. Цырымонія прыняцця пяцікласнікаў у піянеры атрымалася ўрачыстая і кранальная. Чырвона-зялёныя гальштукі ім павязалі педагогі-арганізатары школ раёна. Гэта людзі, якія дапамагаюць дзецям ажыццяўляць задумкі, накіроўваюць іх ініцыятыву на добрыя і карысныя справы.

Лепшыя лідары піянерскіх арганізацый былі адзначаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, а пераходны кубак, які захоўваўся ў СШ №1, атрымала піянерская арганізацыя імя З. Партновай СШ №2.

Таксама падчас злёту ў гонар 25-гадовага юбілею БРПА быў адкрыты памятны знак, які сімвалізуе адзінства і калектывізм. Права яго адкрыцця атрымалі лепшыя прадстаўнікі раённай піянерскай арганізацыі па выніках года — педагог-арганізатар гімназіі Іна Шавец і вучань Опсаўскай школы Аляксей Стэфановіч.

Святочнае мерапрыемства скончылася, а піянераў чакаюць наперадзе карысныя справы і цікавыя праекты.

Жанна Бялько.

Фота аўтара.