Майстар-клас па пляжным тэнісе

Главное


6879l-300x200На мінулым тыдні для настаўнікаў фізічнай культуры Браслаўскага раёна, трэнераў ДЮСШ і супрацоўнікаў РФСК “Дрывяціч” адбыўся майстар-клас па пляжным тэнісе. Яго правёў старшыня Беларускай федэрацыі пляжнага тэніса Ігар Лахвіч.

Майстар-клас прайшоў у 2 этапы — тэарэтычны і практычны. Напачатку І. Лахвіч расказаў пра гісторыю ўзнікнення пляжнага тэніса. У прыватнасці, зазначыў, што гэты спорт узнік у 1978 годзе ў Італіі, а ў 2007 г.  Міжнародная федэрацыя тэніса афіцыйна прызнала новы від і запусціла праграму спаборніцтваў. З 2008 года штогод пад яе эгідай праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, Свету, а з 2012 г. — камандны чэмпіянат Свету па пляжным тэнісе. У Беларусі ён стаў развівацца з 2014 года.

Пасля невялікай лекцыі спартсмен паказаў неабходны інвентар. Так, для гульні неабходна ракетка без струн з суцэльнай ударнай паверхняй і спецыяльны тэнісны мяч з паніжаным ціскам. Гуляюць звычайна басанож, але існуюць і спецыяльныя шкарпэткі, якія патрэбны, напрыклад, калі пясок вельмі гарачы ці раптоўна пайшоў дождж.

Затым ад тэорыі ўдзельнікі майстар-класа перайшлі да практыкі і адправіліся на тэнісныя корты, што створаны на тэрыторыі гасцінічнага комплексу “Braslav Lakes Hotel”. Увогуле гульня праходзіць на тэрыторыі з пясчаным пакрыццём памерам 16х8 метраў з сеткай вышынёй 170 см. Ёсць асаблівасці і пры падачы мяча, вядзенні ліку гульні. Пра ўсе нюансы падрабязна было расказана прысутным і прапанавана згуляць у пляжны тэніс. Так, акрамя тэарэтычных ведаў, удзельнікі майстар-класа атрымалі і практычныя навыкі.

Алена Набеева.

Фота аўтара.