Эканаміст з актыўнай жыццёвай пазіцыяй

Люди

ЭкономистНа сённяшні дзень гэта прафесія лічыцца адной з самых запатрабаваных. І невыпадкова, бо высокакваліфікаваны эканаміст з’яўляецца мазгавым цэнтрам цэлай арганізацыі. Менавіта ён надае правільны вектар руху сумесных намаганняў усяго працоўнага калектыву і прадпрыемства ў цэлым. Кіраўніцтва ААТ “Мяжаны” сапраўды можа пахваліцца сваім галоўным эканамістам Марыяй Абаровіч. Больш за 35 гадоў аддала яна эканамічнай справе ў галіне сельскай гаспадаркі і ніколькі пра гэта не шкадуе.
— Лічбы — гэта цікава, — так гаворыць пра сваю прафесію Марыя Лявонцьеўна. — Прафесія эканаміста дынамічная. Пастаянна сутыкаешся з новымі патрабаваннямі, змяненнямі ў заканадаўстве. Планаванне, распрацоўка праграм, фінансавая справаздачнасць — за гэтымі даволі сухімі словамі задачы і алгарытмы, паспяховае рашэнне якіх прыносіць асаблівае задавальненне, ёсць магчымасць уносіць і свае ідэі.
У яе ўласны погляд на такі няпросты занятак, які яна выбрала па прызванні. Яшчэ ў школе дзяўчына адчувала здольнасці да дакладных навук і марыла стаць эканамістам. Выбар будучай прафесіі падтрымалі і бацькі. Таму ўпэўнена паступіла ў Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум на спецыяльнасць планіраванне сельскай гаспадаркі. А пасля яго заканчэння малады спецыяліст па размеркаванні трапіла на Браслаўшчыну. Свой працоўны шлях Марыя Лявонцьеўна пачынала ў калгасе імя Фрунзе галоўным эканамістам, потым пэўны час працавала ў калгасе імя Чарняхоўскага. А калі мужа перавялі ў Мяжаны, перайшла эканамістам у мясцовую гаспадарку. У ААТ “Мяжаны” М. Абаровіч працуе ўжо каля 25 гадоў, больш за 10 з якіх галоўным эканамістам. Мяняліся назвы гаспадаркі, кіраўнікі, аднак Марыя Лявонцьеўна заўсёды працавала так, каб не было сорамна.
Падвядзенне вынікаў работы, аналіз гаспадарча-фінансавай дзейнасці, распрацоўка плана па эканоміі матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, зніжэння затрат на вытворчасці…. Адказнасць за гэты і многія іншыя пытанні кладзецца на плечы галоўнага эканаміста. Летам працы становіцца яшчэ больш. Як толькі пачынаецца пасяўная, кожны дзень Марыя Лявонцьеўна адпраўляецца на палі, каб пракантраляваць расход паліва. Безумоўна, спраў хапае, але, як прызнаецца жанчына, яе гэта не пужае. Нагрузка ў галоўнага эканаміста досыць вялікая, часта прыходзіцца затрымлівацца на рабоце ў будзенныя і ў выхадныя дні, аднак сваю прафесію Марыя Лявонцьеўна лічыць цікавай і за столькі гадоў працы не расчаравалася ў ёй.
На жаль, гаспадарка перажывае не лепшыя часы, і гэта вельмі хвалюе галоўнага эканаміста. Але нават у такі перыяд жанчына імкнецца падтрымаць калектыў і справай, і словам. Акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, М. Абаровіч яшчэ і адказная за ідэалагічную работу. На гэтай пасадзе ёй дапамагаюць жыццёвая актыўнасць і неабыякавасць. А яшчэ жанчына любіць паўтараць, што складанасцей баяцца не трэба: калі будзе жаданне працаваць, тады ўсё атрымаецца. Гэтаму яна вучыць і моладзь, якая прыходзіць у ААТ “Мяжаны”. Першым педагогам у прафесійным жыцці яна стала і для маладога спецыяліста Настассі Гарбус, якая ў мінулым годзе прыйшла ў гаспадарку на пасаду галоўнага бухгалтара. І дзяўчына ёй за гэта вельмі ўдзячная.
Марыя Абаровіч па-праву лічыцца спецыялістам высокага класа, да яе меркаванняў прыслухоўваецца і кіраўніцтва таварыства, і калегі па працы. А ўсё таму, што яна прывыкла рабіць усё толькі адказна, на добры вынік.
Акрамя сваёй работы, жанчыны ёсць яшчэ адна любімая справа. Як толькі выдаецца вольная хвілінка, яна займаецца кветкамі. Такое хобі дапамагае ёй адпачыць ад лічбаў і статыстыкі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.