Замалада на сваім месцы

Главное

IMG_0102 (Small)Бывае так, што маладыя спецыялісты хутка расчароўваюцца ў выбранай прафесіі, таму імкнуцца адпрацаваць абавязковы тэрмін у 2 гады і змяніць дзейнасць. Пра выхавальніцу дзіцячага сада №3 Крысціну Сіняўскую так ніяк не скажаш. Яшчэ дзяўчынкай Крысціна, вяртаючыся дадому з садзіка, садзіла сваіх лялек вакол і ўяўляла сябе выхавальніцай. Калі крыху падрасла, любіла гуляць з маленькімі, даглядала браціка. А пасля школы з выбарам прафесіі не вагалася — паступіла ў Полацкі педагагічны каледж.
Працоўную дзейнасць малады спецыяліст пачала ў родным горадзе, ды яшчэ і ў любімым з дзяцінства садку. Толькі цяпер яна выхавальніца малодшай групы.
Крысціна Сіняўская расказала, што ў садзіку ёй вельмі падабаецца і мяняць прафесію не збіраецца, тым больш, цяпер яна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава.
— Працаваць прыходзілася з дзеткамі розных узростаў, — расказвае выхавальніца. — Скажу шчыра, з маленькімі больш складана, але яны такія пяшчотныя, ласкавыя, з фантанам яркіх эмоцый. Вельмі прыемна, калі раніцай яны з задавальненнем бягуць насустрач і з лагоднай усмешкай сустракаюць цябе. На занятках малышы стараюцца запомніць кожнае тваё слова — гэта радуе і натхняе… Не хлусячы, скажу, што кожны працоўны дзень прыносіць мне асалоду, напэўна таму, што я проста вельмі люблю дзяцей.
Кіраўніцтва дзіцячага садка таксама задаволена работай Крысціны Сіняўскай. Загадчыца Вольга Селязнёва характарызуе маладога спецыяліста толькі станоўча:
— Крысціна Віктараўна — добры педагог. Яна ладзіць з дзеткамі, лёгка знаходзіць агульную мову і з бацькамі, хутка вучыцца і з задавальненнем набывае веды ў больш вопытных калег. Крысціна творчая і ініцыятыўная асоба: яна часта прыдумвае сцэнарыі дзіцячых пастановак і з радасцю ўдзельнічае ва ўсіх канцэртах. З камп’ютарам Крысціна на ты, таму яна наш памочнік у метадычных распрацоўках, стварэнні буклетаў. Яна ўваходзіць і ў творчую групу нашай установы. Увогуле лічу, што гэта той адметны выпадак, — кажа загадчыца садка, — калі чалавек сапраўды працуе на сваім месцы!

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.