Шырэй, каса, размахніся

Главное

шырэй касаУ невялікай вёсцы Жылінскія, што ў Навасёлкаўскім сельсавеце Пастаўскага раёна, 13 чэрвеня з размахам прайшоў ужо чацвёрты па ліку чэмпіянат па касьбе. Сёлета спаспаборнічаць у ім прыехала рэкордная колькасць удзельнікаў — 26, прычым не толькі з Пастаўскага, але і з Мядзельскага, Шаркаўшчынскага, Маладзечанскага раёнаў, Бягомеля, Полацка і Глыбокага.
Сярод галоўных мэт такога спаборніцтва — папулярызацыя прызабытай справы нашых продкаў і здаровага ладу жыцця, каб паказаць сабе і іншым, што на беларускай зямлі не перавяліся сапраўдныя гаспадары, моцныя і вынослівыя, якія ўсёй душой «хварэюць» вёскай і яе традыцыямі.
Сярод такіх людзей і нязменны арганізатар спаборніцтваў — ураджэнец Жылінскіх бізнесмен з Полацка Пётр Кароль, які ўкладае нямала сіл і сродкаў у свой чэмпіянат.
Косы ў рукі ўзялі як прафесіяналы, так і навічкі. Спрыт і майстэрскае валоданне вясковым інструментам прадэманстравалі і жанчыны, якія нароўні з мыжчынамі на працягу ўсіх пяці гадзін спаборніцтваў складалі травы ў роўныя пракосы.
Пакуль камісія абмярала скошаныя ўчасткі, удзельнікаў чакала лазня, абед на свежым паветры. Таксама жадаючыя маглі пазнаёміцца з музеем старадаўніх рэчаў, які Пётр Кароль стварыў на сваёй сядзібе ў Жылінскіх. А мясцовая жыхарка правяла майстар-клас прадзення на калаўроце.
Калі журы падсумавала вынікі, атрымалася, што ўвесь п’едэстал гонару дастаўся пастаўчанам, а найбольш скасіў (31,1 соткі) Валерый Каліцкі. Ён атрымаў узнагароду ў 4 млн руб.
Сярод жанчын вынікі падводзіліся асобна. Тут не было роўных таксама пастаўчанцы 30-гадовай Таццяне Лешчык.
Узнагароджванне пераможцаў адбылося вечарам. Уладальнікі прызавых месц
заахвочаны грашовымі прэміямі і падарункамі ад «Прыорбанка». Пэўную суму ў залежнасці ад занятага месца атрымаў кожны ўдзельнік чэмпіянату. Прызавы фонд спаборніцтваў склаў больш за 13 млн руб.
Чэмпіянат у Жылінскіх стаў адборачным турам да першынства Еўропы па касьбе, які адбудзецца ў горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці ў жніўні. Летась Пётр Кароль, Валерый Каліцкі і Мікалай Яльчык удзельнічалі ў ім упершыню і занялі другое месца. Сёлета пастаўчане паедуць туды ў тым жа складзе. Пётр Кароль таксама не выключае і паездку на міжнароднае першынство, што павінна адбыцца ў Беластоку — ужо атрымалі адтуль запрашэнне. У планах і паездка на Урал, дзе таксама праходзіць вельмі самабытны і прадстаўнічы чэмпіянат па касьбе.

Іна Сняжкова. Фота аўтара.