Не абыякавыя да чужой бяды

Главное

милицияУ Браслаўскім РАУС працуюць адказныя і адданыя справе людзі, іншыя тут проста не затрымліваюцца. Кожны год калектыў міліцыянераў папаўняюць і маладыя супрацоўнікі, якія працягваюць лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў і годна абараняюць спакой жыхароў нашага раёна. Сярод дастойнага папаўнення ў аддзеле ўнутраных спраў называюць імёны Віталя Вавінскага і Юрыя Хлябовіча (на здымку), якія з ахвотай і запалам у вачах бяруцца за справу, пры гэтым не баяцца складанасцей.
Нягледзячы на тое, што хлопцы на службе займаюцца рознымі справамі, у іх шмат агульнага. Абодва родам з Браслаўшчыны, са школы марылі стаць міліцыянерамі ды і ў райаддзел унутраных спраў трапілі ў адзін год. А яшчэ іх яднае любоў да выбранай прафесіі. Віталь і Юрый лічаць, што міліцыянер — павінен быць сумленным прафесіяналам, не абыякавым да чужой бяды.
Віталь Вавінскі ў мінулым годзе скончыў Акадэмію МУС і вярнуўся на працу ў родны раён. У РАУС яму прапанавалі пасаду ўпаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку. За гэты хоць і кароткі час, па словах кіраўніцтва, хлопец паспеў праявіць свае лепшыя службовыя здольнасці.
— Работа жывая, але няпростая, — прызнаецца Віталь. — Без ве¬даў і інтуіцыі — нікуды. Адзін бы я не справіўся, таму дапамога калег заўсёды дарэчы. Добра, што ка¬лек¬тыў у нас дружны. Заўжды пра¬цу¬ем на агульны вынік, не лі¬чым¬ся з асабістым часам. Да¬па¬ма¬гае супрацоўніцтва з іншымі служ¬ба¬мі і аддзяленнямі РАУС.
Юрый жа ў прафесію трапіў не адразу. Спачатку паступіў ў Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт, аднак пазней зразумеў, што яго прызванне — быць міліцыянерам. Год таму назад прыйшоў на службу ў РАУС, дзе яму прапанавалі пасаду ўчастковага інспектара на тэрыторыях Відзаўскага і Далёкаўскага сельсаветаў. Як бачна, поле дзейнасці для маладога супрацоўніка міліцыі шырокае. Тым больш што адказнасць кладзецца на яго плечы, так бы мовіць, двайная. Яму выпала пачынаць сваю дзейнасць на ўчастку, дзе да гэтага працаваў адзін з самых вопытных участковых, таму і трымаць аўтарытэт патрэбна на тым высокім узроўні, што зададзены папярэднікам. Але хлопца такі стан спраў не палохае.
Цяпер малады ўчастковы наладжвае кантакты з насельніцтвам. Лічыць, што добрыя стасункі з людзьмі будуць спрыяць паспяховай працы. Вельмі турбуе п’янства ў сельскіх населеных пунктах, іншыя правапарушэнні. Ужо не аднойчы ўчастковаму прыходзілася сустракацца з так званымі абавязанымі асобамі, да некаторых нават меры ўздзеяння адпаведныя прымаць.
Віталь і Юрый прызнаюцца, што хоць служба ў міліцыі і не з лёгкіх, але ў той жа час цікавая. Жыццё падкідвае новыя праблемы, вырашаць якія трэба аператыўна. Вось і нядаўна паслужны спіс маладых міліцыянераў папоўніла ўдзячнасць ад жыхаркі в. Каленкішкі Галіны Рымовіч, якой яны прафесійна і хутка дапамаглі. Жанчына была вельмі ўдзячная далікатным і ўважлівым міліцыянерам.
Абавязкаў ў Віталя і Юрыя нямала, але яны імкнуцца выконваць іх старанна. Іх прафесійнаму сталенню садзейнічае і дзейсная дапамога старэйшых і больш вопытных калег, а таксама імкненне дасканала авалодаць нялёгкай справай. Самае ж галоўнае, што яны знайшлі свой прафесійны шлях і гатовы прайсці па ім ўпэўненымі крокамі.