Першыя крокі ў навуку

Люди

IMG_0031 (Small)У апошнюю нядзелю студзеня ў нашай дзяржаве традыцыйна адзначаюць Дзень беларускай навукі. Вось і ў бягучым годзе ў сталіцы адбыўся рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, які праходзіў пад дэвізам “Моладзь. Навука. Інавацыі”. Удзельнікі сходу зазначылі, што ў аснове любых дасягненняў краіны знаходзіцца сістэма прыцягнення ў навуку таленавітай моладзі. Пра тое, як ідуць справы ў гэтай галіне на Браслаўшчыне, гутарым з загадчыкам вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланай Кук’ян.
— Святлана Вальдэмараўна, у кожнай школе, нават самай невялікай, звычайна ёсць свае зорачкі. Што ў нашым раёне прапануецца таленавітым вучням?
— Так, у нас многа навучэнцаў, якія маюць творчыя задаткі ў розных галінах дзейнасці, і свае здольнасці яны могуць рэалізаваць праз цэлы шэраг мерапрыемстваў. Гэта і прадметныя алімпіяды, конкурсы навукова-даследчых работ, тэматычныя тыдні, раённыя конкурсы і фестывалі, якія адкрываюць шлях на абласныя і рэспубліканскія. Шмат зроблена ў рамках дзяржаўнай праграмы “Маладыя таленты Беларусі”.
— Што з пералічанага, на вашу думку, найбольш спрыяе развіццю цікавасці ў вучняў да навукі?
— Сучаснае жыццё патрабуе творчага мыслення, грунтоўных ведаў, умення працаваць з інфармацыяй, аналізаваць яе, абараняць свае меркаванні, а галоўнае — прымяняць на практыцы атрыманыя веды. Таму, лічу, важнай часткай адукацыйнага працэсу стала даследчая дзейнасць. У раёне вядзецца мэтанакіраваная работа ў гэтым накірунку, традыцыйнай стала навукова-даследчая канферэнцыя, на якой падводзяцца вынікі работы за год. Вясной адбудзецца ўжо 14-я па ліку.
— Ёсць розныя пункты гледжання на ўзрост, з якога дзеці могуць далучацца да навуковай дзейнасці.
— Пераважная большасць удзельнікаў канферэнцыі — гэта вучні 8 — 11 класаў. Каб прыйсці да сур’ёзных вынікаў у старэйшай школе, неабходна гадаваць даследчыкаў, пачынаючы з дашкольнікаў: развіваць назіральнасць, уяўленне. У дзіцячых садках гэтаму вельмі спрыяюць нескладаныя праекты і адукацыйныя наборы “Lego”. Два гады таму назад мы пачалі праводзіць навукова-практычную канферэнцыю і з вучнямі 4-х класаў. Увогуле ж навыкі даследавання саслужаць добрую службу ў любым узросце.
— Ці многа жадаючых займацца даследчай дзейнасцю?
— Парадаксальна, але са змяншэннем у раёне колькасці школ з кожным годам павялічваецца колькасць удзельнікаў канферэнцыі.
— Якая тэматыка найбольш цікавіць юных даследчыкаў?
— Тэмы, якія выбіраюць вучні для сваіх навуковых работ, самыя розныя: ад карысці кашы для дзіцячага арганізма да біблейскіх матываў у літаратурных творах. Пераважаюць даследаванні па краязнаўстве, экалогіі, біялогіі, прыцягваюць дзяцей і філалагічныя даследаванні. Што важна, тэмы прывабліваюць навізной, актуальнасцю.
— Святлана Вальдэмараўна, ці можна вынікі даследчай дзейнасці навучэнцаў школ сур’ёзна называць навуковымі работамі?
— Безумоўна, работы, прадстаўленыя на канферэнцыю, бываюць розныя: адны больш падобныя да рэфератаў, у іншых моцны “след” інтэрнэту. Але большасць — гэта сапраўдныя даследаванні, у аснове якіх вопыты, эксперыменты, назіранні, сацыялагічныя апытанні. Пра іх значнасць гаворыць і выхад на рэспубліканскі ўзровень. Напрыклад, работа вучаніцы Слабодкаўскай школы Вікторыі Мількевіч у свой час была адзначана дыпломам 3-й ступені першага рэспубліканскага конкурсу даследчых работ. А даследаванне Маргарыты Каладзінскай з СШ №2 па эканоміі спажывання вады ўзгадвалася ў рэспубліканскіх СМІ і ўвайшло ў лік лепшых праектаў конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Больш таго, зараз у выдавецтве “Галіяфы” рыхтуецца да выдання вучэбны дапаможнік для выкладання факультатыву “Браслаўшчына ад старажытнасці да сучаснасці”, значная частка якога — матэрыялы даследчай дзейнасці вучняў.
— Сапраўды, вынікі ўражваюць. Засталося на міжнародны прастор выйсці.
— І ў гэтым накірунку ёсць крокі. У мінулым годзе браслаўскія школьнікі прымалі ўдзел у міжрэгіянальным інтэрнэт-конкурсе “Сусветная вайна ў лёсе Айчыны”, па выніках якога ў часопісе “Свет вакол нас” былі апублікаваны лепшыя конкурсныя работы. У іх лік трапілі і даследаванні вучняў аж васьмі школ нашага раёна.
— Тут бачыцца і вялікая работа настаўнікаў.
— Безумоўна, у поспехах юных даследчыкаў значная заслуга педагогаў, якія падтрымліваюць дапытлівых дзяцей у іх пошуках і заслугоўваюць самых шчырых слоў падзякі. Віктар Бунта, Ірына Зуева, Валянціна Ходас, Мая Дароніна, Дзмітрый Мацкевіч, Марыя Філімонава, Зоя Кірылава, Лілія Самушчава, Людміла Стальмачонак, Валянціна Жылевіч, Ірына Канопліч, Таццяна Лінкевіч і многія іншыя дапамаглі не аднаму пакаленню вучняў зрабіць першыя крокі ў навуку.
Таксама словы ўдзячнасці хачу выказаць прадстаўнікам устаноў і арганізацый горада, якія штогод з’яўляюцца старшынямі і членамі журы ў секцыях і аказваюць вялікую дапамогу ў правядзенні навукова-практычнай канферэнцыі.
Спадзяюся, што вучні і далей будуць радаваць змястоўнымі і актуальнымі навуковымі работамі.

Жанна Бялько.