Вопыта не займаць

Главное

IMG_4887 (Small)У прадуктовым магазіне №91 аграгарадка Слабодка заўсёды ўтульна, вітрыны аформлены з густам, і на іх багата розных тавараў. У гэтым заслуга як прафесіянальнага калектыву магазіна, так і яго загадчыцы Іны Атрошка. Жанчына за амаль 20 гадоў працы ў сферы гандлю выдатна вывучыла густы і магчымасці вяскоўцаў, стараецца, каб яны мелі магчымасць купіць усё тое ж, што ёсць і ў гарадскіх крамах.
А жыхары агр. Слабодка ўдзячны за такую ўвагу і гавораць, што Іна Атрошка заўсёды ў адносінах да іх карэктная, тактоўная, ветлівая. Толькі добрымі словамі характарызуе загадчыцу магазіна і кіраўніцтва райпа, адзначае, што жанчына ўважлівая да кліентаў, працалюбівая і адказная. А яшчэ Іна Браніславаўна — вельмі сціплы чалавек, хваліцца не любіць, падкрэслівае, што проста стараецца рабіць сваю справу якасна.
У сферу гандлю жанчына прыйшла ў 1994 годзе пасля заканчэння Полацкага вучылішча. Па размеркаванні яе накіравалі прадаўцом у магазін в. Слабодка. Маладая дзяўчына ў свой час выбрала прафесію не выпадкова, стаць прадаўцом марыла са школы, таму на сваім першым працоўным месцы актыўна ўключылася ў работу і адразу зарэкамендавала сябе як адказны прадавец. З таго часу І. Атрошка і працуе ў магазіне №91. Праўда, на нейкі час перайшла ў камерцыйны магазін, але хутка вярнулася ў добра вядомы і дружны калектыў. Зараз І. Атрошка лічыцца адным з лепшых прадаўцоў раёна, а сама лічыць, што не памылілася з выбарам прафесіі, якая за амаль 20 гадоў стала не проста справай, а прызваннем.
З 2011 года Іна Браніславаўна ўзначальвае калектыў магазіна, у які калісьці прыйшла маладым спецыялістам, і які добра ведала. Змяніліся абавязкі, зараз яна адказвае за ўсю жыццядзейнасць магазіна: вядзенне дакументацыі, прыёмку і выкладку тавараў, тэрміны іх годнасці. І на новай пасадзе І. Атрошка зарэкамендавала сябе толькі з лепшага боку. Зараз у яе падначаленні сем чалавек, якія добра ведаюць усе нюансы і тонкасці сваёй работы, умеюць знайсці агульную мову з любым, нават самым патрабавальным пакупніком. Пра гэта сведчыць той факт, што скаргаў на работу прадаўцоў і загадчыцы магазіна няма ні з боку пакупнікоў, ні ад правяраючых органаў.
— Магазін абслугоўвае насельніцтва агр. Слабодка і навакольных населеных пуктаў, а гэта больш за 700 чалавек, — расказвае Іна Атрошка. — Нашы прадаўцы вывучаюць попыт і пажаданні пакупнікоў, каб цалкам іх задаволіць. Працуем таксама па папярэдніх заяўках. Адным словам, стараемся абслугоўваць вяскоўцаў на самым высокім узроўні.
Вопыт у Іны Браніславаўны вялікі, яна добра ведае кожнага пакупніка, яго густ, што яму прапанаваць. Таму і працаваць, прызнаецца, не складана.
На маё пытанне, ад чаго залежыць поспех гандлю, заўмаг Іна Атрошка з усмешкай адказвае:
— Наша прафесія цікавая, і яе поспех залежыць ад умення размаўляць з людзьмі, прапанаваць ім патрэбны тавар, не менш важна афармленне вітрыны і прылаўка. Але самае галоўнае, трэба любіць сваю прафесію і працаваць з усмешкай.
У кожнай справе, як вядома, прысутнічае чалавечы фактар. Таму пытанні багацця асартыменту, культуры абслугоўвання ў магазіне яскрава адлюстроўваюцца ў разважаннях саміх наведвальнікаў магазіна. І яны аднагалосны ў сваіх адказах, адзначаюць, што калектыў, як і загадчыца Іна Атрошка, працуюе выдатна, з душой.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.