Расплата за браканьерства

Главное

IMG_0541 (Small)Супрацоўнікі аддзела аховы прыродных комплексаў нацыянальнага парка пастаянна трымаюць у полі свайго зроку рыбалоўныя і паляўнічыя ўгоддзі. Бо, як паказвае практыка, не пераводзяцца ў нас людзі, якія імкнуцца пажывіцца прыроднымі рэсурсамі, не звяртаючы ўвагі на дзеючыя забароны і абмежаванні.
Каб не быць галаслоўным, прывяду, да прыкладу, факты з апошняга рэйду, які мы праводзілі разам з супрацоўнікамі аддзялення ДАІ райаддзела ўнутраных спраў 22 лістапада. Ля вёскі Вусце Відзаўскага сельсавета спынілі аўтамабіль, якім кіраваў мясцовы жыхар. У багажніку знайшлі сетку і больш за 5 кг рыбы. Гаспадар аўто сцвярджаў, што рыбу лавіў вудачкай. Але ж такой прылады ў яго не было, як не было і дакумента на права валодання рыбай. У дадзеным жа выпадку толькі знаходжанне ў кіламетровай зоне ад вадаёма з забароненымі прыладамі лоўлі (сеткай) прыраўноўваецца да браканьерства.
У той жа дзень ля вёскі Замошша была праверана экіпіроўка паляўнічага, які на законнай аснове меў права здабываць зайцаў. Аднак пры сабе меў 3 патроны, зараджаныя карцеччу, што Правіламі вядзення паляўнічай гаспадркі і палявання забаронена.
У абодвух выпадках незаконная прылада лоўлі рыбы, зброя і патроны канфіскаваны, на парушальнікаў складзены пратаколы аб адміністрацыйнай адказнасці.
Усяго ж за 10 месяцаў бягучага года нашай службай аховы ў ходзе 757 рэйдаў выяўлены 543 факты парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. З іх 319 у сферы рыбалоўства, 14 — палявання, 97 — лесакарыстання, 13 — пажарнай бяспекі і 100 іншых.
У парушальнікаў канфіскавана 6,78 км сетак, 197 калабашак, 10 бучоў, 2 лодкі, 3 падводныя ружжы, 7 адзінак агнястрэльнай зброі, іншыя незаконныя прылады, таксама 137 кг рыбы і 170 кг мяса.
Па шасці фактах браканьерства заведзены крымінальныя справы.
Усяго ж на парушальнікаў накладзена штрафаў амаль на 280 мільёнаў рублёў, і 133 мільёны давядзецца выплаціць за нанесены прыродзе ўрон.

Іван Тышкевіч, начальнік аддзела аховы
прыродных комплексаў НП «Браслаўскія азёры».