Авангардныя мадэлі пакарылі публіку

Главное

IMG_6812 (Small)Складана знайсці дзяўчынку, якая б з дзяцінства не марыла стаць вядомым дызайнерам ці прыгожа дэфіліраваць па подыуме. І ў юных браслаўчанак ёсць цудоўная магчымасць паспрабаваць свае сілы ў гэтай якасці яшчэ падчас вучобы ў школе. Пачынаючыя дызайнеры цэлы год працуюць над сваімі мадэлямі адзення, каб трапіць на конкурсы авангарднай моды “Марэнга” і “Подыум мары”.
Трэба прызнацца, з кожным годам убранні, у якіх дзяўчынкі выходзяць на сцэну “Марэнга”, становяцца ўсё больш крэатыўнымі і незвычайнымі. Некаторым з іх пазайздросцілі б нават славутыя дызайнеры і сусветна вядомыя подыумы.
А ўсё таму, што дзяўчынкі адказна падыходзяць да стварэння сваіх убораў, праходзяць унутрышкольныя адборы, каб трапіць на фінальны этап, што ладзіць цэнтр дзяцей і моладзі. Вось і сёлета зноў лепшыя з лепшых пакаралі гледачоў і свой першы ў жыцці подыум.
Арганізатары ж кожны год мяняюць фармат і тэму правядзення конкурсу, таму “Марэнга” заўсёды збірае вялікую аўдыторыю. Сёлета юныя канкурсанткі пры стварэнні сваіх убранняў фантазіравалі на тэму “Блакітнае вока Беларусі”. Не складана здагадацца, што гутарка ідзе пра нашу Браслаўшчыну. А яшчэ, калі раней у “Марэнга” удзельнічалі ўсе жадаючыя, то на гэты раз толькі тыя, хто прайшоў іспыты і даказаў сваю вартасць. Таму да фіналу дайшлі толькі дзве канкурсанткі: Дар’я Гірса з гімназіі і Вераніка Гадулевіч з СШ№1.
Пакуль дзяўчаты рыхтаваліся да выхаду на подыум, сярод гледачоў аб’явілі марафон. Педагог ЦДМ Людміла Пучкоўская вучыла іх рабіць прыгожыя кветкі з фольгі. І гледачы з задавальненнем паўтаралі за ёй, нават журы не засталося ўбаку. У каго атрымаліся самыя прыгожыя кветкі, сталі пераможцамі.
Увогуле ж, з першага моманту і да апошняга нельга было ні на хвіліну адарваць вачэй ад сцэны. Сапраўды было на што падзівіцца.
У конкурсе “Піар-кампанія” Даша і Вераніка прэзентавалі сябе як будучых вядомых дызайнераў. Праз вершы і песні яны расказвалі, чым любяць займацца ў вольны ад вучобы час. Выдатна справіліся канкурсанткі і з “Бодзі-артам”. Сваім мадэлям яны распісалі рукі, а потым давалі назву “шэдэўру”, расказвалі пра намаляванае. Так, у Веранікі Гадулевіч атрымалася сапраўдная карціна, на якой яна адлюстравала краявіды Браслаўшчыны.
Гледачы ж чакалі галоўнага конкурсу — “Авантура ад куцюр”. А пакуль дзяўчаты рыхтаваліся да яго і прымяралі свае эксклюзіўныя ўбранні, сцэна была аддадзена ўдзельнікам “Подыума мары”, малодшага брата “Марэнга”.
Грацыёзна і павольна “выплывалі” на сцэну мадэлі з гарадскіх школ, гімназіі. Упершыню ў конкурсе паўдзельнічалі і дзеці з Відзы-Лаўчынскага ДСПШ. Пры гэтай установе не першы год працуе экалагічны гурток, і сёлета яго наведвальнікі даказалі, што таксама могуць здзівіць публіку.
Такія ўборы больш нідзе немагчыма ўбачыць. Зроблены яны былі з сурвэтак і лістоў часопіса, цыраты і пакетаў для смецця, стужак і пластыкавых бутэлек. У ход пайшлі нават самыя непатрэбныя рэчы, якія мы звычайна выкідваем у сметнік. А вось крыху фантазіі — і ў руках юных дызайнераў гэта ўжо не проста адыходы, а рэчы для эксклюзіўных убораў.
Нарэшце подыум быў аддадзены канкурсанткам “Марэнга”. Крэатыўная Даша намялявала на сваёй сукенцы краявіды Браслаўшчыны і расказала верш пра нашы мясціны, а энергічная Вераніка выбрала для сябе вобраз начнога возера і свой убор зрабіла з камянёў і поліэтылену.
Выбраць адзін, самы авангардны ўбор было амаль немагчыма. І ўсё ж у “Подыуме мары” ў розных намінацыях перамаглі ідэі Валерыі Зінкевіч, Эвеліны Фелькінай, Кацярыны Мікуленас, Варвары Бялусь, Надзеі Баган. А літаральна пакарылі гледачоў самыя маленькія ўдзельнікі, пяцігадовыя выхаванцы Відзы-Лаўчынскага садка Дзіма Бічэль і Каця Сударгіна. Увогуле ж усе канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і падарункі ад ЦДМ.
Па выніках конкурсаў ва ўдзельніц “Марэга” розніца ў балах была невялікая. Даша Гірса заваявала тытул “Авантура ад куцюр”, а крыху апярэдзіла саперніцу Вераніка Гадулевіч, яна і стала пераможніцай. Дзяўчына пакарыла ўсіх сваёй артыстычнасцю і ўменнем трымацца на сцэне.
Лепшыя ўборы і іх аўтары ў студзені будучага года пазмагаюцца за перамогу ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет”. А яшчэ адправяцца на гарадскі фестываль моды ў рамках абласнога экалагічнага фестывалю. Будзем чакаць іх адтуль з перамогай.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.