Пагранічнік з душой лірыка

Люди

JKM-mS5o6ZAМногія спрабуюць пісаць вершы, але палова з іх так і не адважваецца паказаць каму-небудзь свае літаратурныя спробы, яшчэ чвэрць траціць час на простыя і пасрэдныя рыфмы і толькі некаторым удаецца пісаць сапраўды вартыя ўвагі творы. Да апошніх я б аднесла 25-гадовага Максіма Роліка з агр. Казяны — пагранічніка па прафесіі і маладога паэта па прызванні.
На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” Максім так кажа пра сябе: “Вершы я пішу нядаўна і лічу сябе пачынаючым аўтарам, якому будзе прыемна, калі мая творчасць знойдзе водгук у вашых сэрцах“. Прачытаўшы некалькі яго літаратурных спроб, зацікавілася творчасцю маладога паэта і запрасіла на гутарку.
Не раз падчас размовы Максім зазначаў, што яго любоў — паэзія. З захапленнем расказваў пра свае вершы, публікацыі ў газетах і часопісах, як прыходзіць натхненне. З такім жа пачуццем гаварыў і пра службу на мяжы. І, як мне падалося, граніца — яшчэ адна любоў Максіма.
— Зялёную фуражку пагранічніка я прымерыў пасля арміі ў 2010 годзе, — расказвае Максім. — З таго часу прафесія стала для мяне прызваннем. На мяжы кожны дзень непадобны на іншыя, а складанасці, якія сустракаюцца падчас службы, толькі яшчэ больш загартоўваюць. Непаўторнае пачуцце — ахоўваць апошнія метры краіны. Ёсць у гэтым і свая доля рамантыкі.
Максім на ПП “Казяны”займае пасаду кінолага. Заўсёды побач з ім яго верны сябра — сабака. Не раз удваіх даводзілася затрымліваць падазроных асоб каля мяжы ці спыняць кантрабандныя спробы. Побач яны на трэніроўцы, падчас патруля.
Гатовы да ўсяго, уважлівы і пільны. Менавіта такімі якасцямі характарызуюць Максіма кіраўніцтва і калегі. Яго ўважлівасць аднойчы выратавала чалавеку жыццё. Хлопец з калегамі вяртаўся дадому, калі заўважыў, што ў адной з хат загарэўся дах. Выклікалі пажарных, а тым часам дапамаглі выйсці з хаты гаспадыні і да прыезду пажарнай машыны пачалі тушыць пажар. За гэты выпадак Максім атрымаў ад МНС нагрудны знак “За адзнаку” 2 ступені.
Кожны раз, заступаючы ў нарад, хлопец бярэ з сабой блакнот. Часам натхненне прыходзіць нечакана і радкі складваюцца самі сабой. У такі момант трэба паспець запісаць іх, каб потым ператварыць у сапраўдныя вершы.
Першыя вершаваныя радкі з’явіліся ў Максіма ў 14 гадоў — маленькія строфы пра прыроду, юнацкае каханне. Яны трапілі ў рукі настаўніцы рускай мовы і літаратуры, якая стала першым “крытыкам”, пахваліла хлопца і прапанавала яму не пакідаць сваё захапленне.
Максім пісаў вершы і пасля школы, падчас службы ў арміі, і калі ўжо стаў пагранічнікам. Ведалі пра гэта, праўда, толькі родныя і знаёмыя. Шлях у свет літаратуры для яго адкрыла Марына Кавалёнак. З паэтэсай хлопец сустрэўся ў 2012 годзе, яна ж пазнаёміла Максіма з удзельнікамі аб’яднання “Ветразь надзеі” і яго кіраўніком Тэрэзай Крумплеўскай. Хлопец стаў заглядваць на творчыя сустрэчы аб’яднання, разам з іншымі паэтамі выступаць у школах, бібліятэках раёна, і творчасць Максіма знайшла водгук у слухачоў.
Аднойчы хлопец трапіў на сустрэчу полацкіх паэтаў аб’яднання “Надзвінне”. Там яму прапанавалі прачытаць свае вершы, і былі вельмі ўражаны імі. Зараз Максім з’яляецца членам гэтага аб’яднання, друкуецца ў газеце “Полацкі веснік”, ужо сам дапамагае пачынаючым паэтам.
Хлопцу пры дапамозе аб’яднання “Ветразь надзеі” ўдалося выпусціць два зборнікі вершаў. У 2013 — “Стан душы”, а ў 2014 — “Любоў не знае межаў”. У наступным годзе выйдзе яшчэ адзін зборнік яго ваенна-патрыятычных твораў — “Служу Айчыне”.
Вершы Максіма прасякнуты ваеннай тэматыкай, ён піша пра ветэранаў, службу на мяжы, прыгажосць Браслаўшчыны. Але ж яго любімая тэма — каханне. Цікавіцца малады паэт і творчасцю іншых аўтараў. З браслаўчан яму імпануе творчасць Данііла Ваўчка, Тэрэзы Крумплеўскай, Алены Радзевіч і Наталлі Пушкаровай.
Нядаўна хлопец выйшаў на новы ўзровень і стаў супрацоўнічаць з папулярным падмаскоўным выдавецтвам “Серабро слоў”. Трапіць на старонкі зборнікаў гэтага выдавецтва не так і лёгка. У ім друкуюцца вядомыя расійскія паэты, члены саюза пісьменнікаў Расіі. Некалькі вершаў Максіма ўжо трапілі ў літаратурныя зборнікі, чым хлопец не можа не ганарыцца. Так ён пазнаёміўся з расійскімі аўтарамі, знайшоў сяброў і аднадумцаў. Нядаўна хлопец захапіўся напісаннем аповесцей, і гэта спроба аказалася паспяховай. Яго празаічныя творы ўжо ацанілі знаёмыя з Расіі.
Максім не раз станавіўся пераможцам розныя конкурсаў, пра што сведчаць шматлікія дыпломы і граматы. Апошняя з узнагарод — 3 месца ў літаратурным конкурсе, прысвечаным 70-годдзю вызвалення Беларусі ў намінацыі “Паэзія” (узрост 18-25 гадоў), арганізаванае Саюзам пісьменнікаў Беларусі.
Літаратурныя творы Максіма лёгкія і падобныя на музыку, таму яго сябры — кампазітары з розных куткоў Расіі і Беларусі напісалі каля 60 песень на яго вершы. Зараз ён працуе над музычным дыскам, дзе будуць сабраны ўсе песні, напісаныя на яго вершы. А яшчэ хлопец марыць паступіць у Інстытут культуры. У маладога і актыўнага Максіма шмат планаў на будучыню, ідэй і праектаў.

Таццяна Пятушка.