Клопаты меліяратараў не толькі пра зямлю

Главное

IMG_4480 (Small)Нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы, Браслаўскае ПМС сёння дынамічна развіваецца і мае трывалую перспектыву далейшага руху наперад. Праўда, каб быць “на плаву”, акрамя спецыялізаваных работ, якія складаюць 40% удзельнай вагі ад іх агульнага аб’ёму, адміністрацыя прадпрыемства шукае і іншыя шляхі для заробку.
На балансе прадпрыемства, паведаміў яго галоўны інжынер Аляксандр Бабуль,
31 тыс. 464 га асушаных зямель у тым ліку 19 тыс. 634 га асушаных дрэнажным спосабам. Гаспадарка вялікая, таму і работы на гэтых землях хапае — рэканструкцыя меліяраваных зямель, рамонт дрэнажу, ачыстка каналаў, вырубка кустоўя. Словам, меліяратары ўсімі сіламі намагаюцца даць зямлі другое жыццё. Бо, паводле разлікаў вучоных, прадукцыйнасць сельгасугоддзяў пасля рэканструкцыі павялічваецца практычна ўдвая.
У гэтым годзе, адзначае А. Бабуль, на тэрыторыі СВК “Маяк Браслаўскі” пабудавалі новую меліярацыйную сістэму плошчай 60 га на суму 2 млрд. 6 млн. руб. Выканалі работнікі прадпрыемства і рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы “Радзіма” плошчай 109 га, якая знаходзіцца ў ААТ “Слабодка-агра”, кошт работ вылічаецца сумай у 635 млн. руб.
Займаюцца таксама рамонтам і тэхнічным доглядам меліярацыйных сістэм — аб’ём выкананых работ за гэты год тут склаў каля 2 млрд. 966 млн. руб.
Важнае месца ў дзейнасці прадпрыемства займаюць і работы будаўнічага характару. Так, людзі і тэхніка ў гэтым годзе былі задзейнічаны на будаўніцтве дарогі Дзіснянскага лясгаса, на ачыстцы біялагічных сажалак на “Нафтане”, зараз актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы інжынерна-транспартнай структуры ў Княжыне, завершана будаўніцтва адміністрацыйнага будынку з гаспадарчымі пабудовамі Опсаўскага лясніцтва.
А яшчэ прадпрыемства дапамагае сельгасарганізацыям падчас палявых работ, на вывазцы арганікі і добраўпарадкаванні тэрыторый. Не ў правілах меліяратараў адмаўляць заказчыкам, нават калі яны не зусім плацежаздольныя.
Такая разваротлівасць і ўменне прыстасоўвацца да новых патрабаванняў, пастаяннае жаданне асвойваць новыя віды дзейнасці паспрыялі павелічэнню прадукцыйнасці працы, якая апярэжвае заработную плату.
За два мінулыя гады прадпрыемства істотна абнавіла свой машынна-трактарны парк і набыло ў лізінг 12 адзінак тэхнікі.
Радуе вока і дагледжаная, упрыгожаная малымі архітэктурнымі формамі тэрыторыя. Прыемна тут і наведвальнікам, і працуючым.
У дасягнутых калектывам, які налічвае 114 чалавек, паказчыках — заслуга кожнага работніка. Безумоўна, работа мае сваю спецыфіку. Меліярацыйныя аб’екты раскіданы па ўсім раёне, таму людзі з раніцы да вечара далёка ад дома, і харчавацца даводзіцца з тэрмасаў, сабраных клапатлівымі маці ці жонкамі. Але з цягам часу такі рэжым работы становіцца звыклым і нараканняў не выклікае.
Папаўняецца калектыў і маладымі спецыялістамі. У маі пасля заканчэння Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа ўладкаваўся сюды і Аляксей Радкевіч. І адразу трапіў у вірлівую плынь спраў. Два месяцы юнак працаваў геадэзістам, а затым перспектыўнага работніка прызначылі майстрам. Адразу кінулі, як кажуць, на распаленыя вуглі. Аляксею даручылі будаўніцтва адміністрацыйнага будынка Опсаўскага лясніцтва. Несумненна, на яго плечы лягла вялікая адказнасць. Каб будаўніцтва ішло якасна і ў запатрабаваным тэмпе, як прызнаўся сам майстар, нярэдка даводзілася працаваць да позняга вечара ці ў суботу. Іншы раз і не дасыпаў, асабліва перад здачай аб’екта. Тым не менш праекціроўшчыкі далі станоўчую ацэнку збудаванаму аб’екту, таму “баявое хрышчэнне” Аляксей вытрымаў годна.
Да таго ў хлопца трывалыя планы на будучыню: ён павышае сваю кваліфікацыю і завочна вучыцца ў Полацкім універсітэце.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
А. Радкевіч запаўняе акты здачы-прыёмкі будаўнічых работ.