У госці да ветэрана

Главное

ВетеранМногім з нас за сучасным тэмпам жыцця не заўсёды хапае часу спакойна прыпыніцца на хвіліну і паназіраць за навакольнай прыгажосцю, паслухаць спевы птушак, паўглядацца ў блакітнае неба над галавой. А калісьці нашы продкі дзеля мірнага спакою ахвяравалі жыццём. На жаль, з кожным годам усё менш застаецца жывых сведкаў жудасных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Таму тыя ветэраны, якія сёння яшчэ з намі, не павінны адчуваць сябе забытымі.
Ветэран Трафім Платонавіч Ерамееў жыве ў в. Падгайцы Цяцеркаўскага сельсавета. Трафім Платонавіч вырасціў дваіх дзяцей, мае і двух унукаў. Зараз ён жыве з дачкой Таццянай, якая прыехала з Латвіі, каб даглядаць бацьку. А 18 жніўня ветэрану споўнілася 90 гадоў.
У дзень яго нараджэння я і завітаў да яго. Разам са мной ад імя прафкама ААТ «Браслаўскі аграсэрвіс» павіншавала юбіляра Вольга Карагіна і ўручыла падарунак.
А яшчэ былі і ўручаны музычныя падарункі. Загадчыца аўтаклуба Рэгіна Балтруковіч разам з акампаніятарам Аляксандрам Арлоўскім спявалі ваенныя песні, якія дагэтуль жывуць у сэрцы ветэрана. Трафім Платонавіч таксама не адставаў і нават танцаваў.
Некаторыя суседзі падчас нашага прыезду ўжо знаходзіліся за святочным сталом, іншыя паступова падыходзілі на спевы з віншаваннямі і кветкамі для юбіляра.
Вялікі дзякуй вам, Трафім Платонавіч, і ўсім тым, хто змагаўся за наша мірнае жыццё, за шчасце нашых дзяцей. Мы ганарымся вамі.

Павел Антанёнак, старшыня Цяцеркаўскага сельвыканкама.