Родныя спевы над Белаю Руссю

Главное

IMG_9786 (Medium)Пад такой агульнай назвай сёлета праходзілі агляды мастацкай самадзейнасці творчых калектываў раёна. Прысвячаліся яны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Многія падрыхтавалі традыцыйныя нацыянальныя абрады – “Калядкі”, “Радзіны”, “Багач”, “Тыдзень русалак”. А вось супрацоўнікі Опсаўскага цэнтра літаратуры і адпачынку прадставілі на суд гледачоў і камісіі абрад “Вяселле”. Сцэна была аформлена ў выглядзе старажытнай вясковай хаткі з палавікамі, ручнікамі, усімі атрыбутамі, якімі некалі людзі ўпрыгожвалі сваё жыллё. Многія з прысутных пазнавалі тыя рэчы, якія аддалі для пастаноўкі работнікам культуры. Гледачы нібыта пабылі сапраўды на вяселлі. Абрад пачынаўся сустрэчай маладых пасля вянчання ў касцёле і закончыўся провадамі гасцей дамоў. Маладую, як і належыць, садзілі на дзяжу, выкуплялі, нявеста адорвала будучую свякроў падарункамі. Вельмі арыгінальна былі падабраны касцюмы мінулых часоў, гучала шмат музыкі, песень. І, вядома ж, не абышлося без пачастунку ўсіх гледачоў вясельным караваем.
Сімвалічна, што пасля гэтага абраду работнікі Гірэйшанскага клуба паказалі “Радзіны”, які таксама нікога не пакінуў раўнадушным.
Аўтару гэтых радкоў давялося прысутнічаць на справаздачным канцэрце Відзаўскага ДК. Ён праходзіў пад назвай “Спяваю для цябе, Беларусь!”. Відзаўчане, безумоўна, уразілі выступленнем сваіх дзіцячых танцавальных калектываў. Бурнымі апладысментамі сустракалі гледачы іх кожны выхад на сцэну.
Выдатнымі вакальнымі данымі і добрымі песнямі, жартоўнымі і патрыятычнымі, парадавалі прысутных маладыя салісты ўзорнай студыі эстраднай песні “Фартуна” Сабіна Шчэціна, Дзіяна Баган, Злата Адамовіч, Настасся Кандрацьева, а таксама выкладчык Відзаўскай дзіцячай школы мастацтваў Канстанцін Багушэвіч.
Прыемным сюрпрызам стала для ўсіх і выступленне зямлячкі, лаўрэата многіх міжнародных песенных конкурсаў, стыпендыяткі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Яны Павініч.
Парадаваў, як заўсёды, і народны ансамбль народнай песні “Відзаўчанка”. Словам, канцэртная праграма атрымалася разнажанравай, цікавай і патрыятычнай.
Пасля відзаўчан сваю канцэртную праграму паказалі і Казянскія самадзейныя артысты. У ёй таксама свае здольнасці раскрылі такія юныя зорачкі, як Юля Карнышова, Дзіяна Пупіна. Спадабалася ўсім і выступленне жаночай вакальнай групы ААТ “Новая Гвардыя”.
Арыгінальным па пастаноўцы і падыходзе атрымаўся агляд мастацкай самадзейнасці ў Ахрэмаўскім цэнтры нацыянальнай культуры. Усе, хто прыйшоў на свята, маглі напачатку пазнаёміцца з выстаўкай работ мясцовых майстрых Марыі Цясюль, якая прадставіла вышываныя крыжыкам рэчы на рэлігійную тэму, і работы з бісеру Наталлі Пяткун.
Сама ж канцэртная праграма была поўнасцю прысвечана ваеннай тэматыцы. У ёй прынялі ўдзел салісты з гуртка вакалістаў, які працуе пры цэнтры, Каця Арцімовіч і Паліна Свікліс, дарослыя выканаўцы Леанід Лаўрыновіч, Таццяна Крот, Міхаіл Героеў, Мікалай Красоўскі. У гэты вечар упершыню прагучала песня на словы і музыку Леаніда Лаўрыновіча “Браслаўшчына”. Дарэчы, яе дэбют адбыўся на абласным свяце-конкурсе “На зямлі святой Сафіі” ў г. Полацку. Песня была адзначана двума дыпломамі.
Як звычайна, шмат прыемных хвілін падарыла гледачам сустрэча з народным ансамблем беларускай песні “Сябрына”. У калектыве з’явіўся новы саліст Аляксандр Лявончанка, з якім многія песні загучалі па-новаму.
На аглядзе ў Ахрэмаўцах прысутнічала намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, якая дала высокую ацэнку выступленню самадзейных артыстаў.
Адметна, што на ўсіх канцэртах прысутнічалі старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў. Гэта яшчэ раз пацвердзіла, што ім неабыякава, чым жывуць творчыя калектывы, у якім напрамку развіваецца іх творчасць.
Агляды мастацкай самадзейнасці творчых калектываў раёна завяршыліся. Але наперадзе ў кульработнікаў шмат працоўных будняў. Лепшыя ж калектывы прымуць удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, якое будзе прысвечана падвядзенню вынікаў спаборніцтва сярод прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў народна-гаспадарчага комплексу за 2013 год.

Зінаіда Палулех.