На прыз “Б/З”

Главное

20140208_142508 (Medium)Стала добрай традыцыяй штогод у лютым праводзіць турнір па валейболе на прыз газеты “Браслаўская звязда”. Сёлета ён прайшоў 8 лютага ў ДЮСШ. Удзел у турніры “35 плюс” прынялі каманды з Полацка, Верхнядзвінска і Браслава.
Кажуць, што толькі ў хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны. Аднак падчас турніру я пераканалася, што і валейбол – гульня для дастойных мужчын. Сярод ігракоў усіх трох каманд былі прадстаўнікі моцнага полу не толькі крыху больш за 35, а і за 45, і за 50.
У першым паядынку сышліся каманды Браслава і Верхнядзвінска. Напачатку нашы землякі ўступалі гасцям, але потым прыклалі ўсе намаганні, каб перамагчы.
У другой гульні сіламі мераліся палачане і верхнядзвінцы. На працягу ўсяго матча перавага была на баку палачан. І ў выніку яны перамаглі з лікам 3:0.
У фінальнай жа гульні за перамогу ў турніры змагаліся каманды Полацка і Браслава. Гульня была цікавай і напружанай. Аднак браслаўчанам хутчэй за ўсё не хапіла вопыту ў барацьбе з больш моцным сапернікам.
Дарэчы, як зазначыў кіраўнік полацкай каманды Сяргей Стальмачонак, у 2012 годзе яны таксама прымалі ўдзел у турніры і перамаглі. У камандзе палачан, якая ўжо пяць гадоў гуляе пастаянным складам, людзі розных прафесій. Сам Сяргей – зубны тэхнік, ёсць супрацоўнікі “Шкловалакна”, водаканала і інш., але ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да гэтага віду спорту.
Заняткі валейболам, пастаянныя трэніроўкі дапамагаюць мужчынам падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме, заставацца моцнымі.
Верхнядзвінская каманда, па словах яе кіраўніка Аляксандра Язерскага, таксама аб’яднала людзей, неабыякавых да спорту, здаровага ладу жыцця. Яны пастаянныя ўдзельнікі розных спаборніцтваў па валейболе. У Браславе, праўда, упершыню. Але, як і палачане, адзначалі высокі ўзровень арганізацыі спаборніцтваў, кампетэнтнасць і прафесіяналізм судзейства, выдатныя ўмовы для правядзення турніру.
І вось надышоў момант узнагароджвання. Трэцяе месца дасталося верхнядзвінцам, другое – браслаўчанам, а перамога – палачанам. Кожны з удзельнікаў каманд атрымаў на памяць пра сустрэчу медаль. Дарэчы, гэта таксама навінка сёлетняга турніру. Раней яго арганізатары практыкавалі ўручэнне кубкаў. Але ж каманды ўсе аматарскія, зборныя, паўставала пытанне, дзе і каму захоўваць гэтыя кубкі. А вось медаль кожнаму ўдзельніку спаборніцтваў – гэта адметна.
Была і яшчэ адна ўзнагарода – статуэтка лепшаму іграку. Яе атрымаў кіраўнік верхнядзвінскай каманды Аляксандр Язерскі.
Турнір адбыўся. Госці павезлі з Браслава самыя прыемныя ўражанні.

Зінаіда Палулех.20140208_133524 (Medium)