Раней Раство немагчыма было ўявіць без калядоўшчыкаў. Яскравы абрад праводзіўся ў кожнай беларускай вёсцы і мястэчку. Прыемна, што ў Браславе ёсць каму падтрымаць традыцыі продкаў.
Пераапрануўшыся ў калядных персанажаў, вясёлыя энтузіясты шумным гуртам на чале з Павадыром, які нясе калядную зорку, выходзяць на вуліцы Браслава. Яны спяваюць, іграюць на народных інструментах, віншуюць сустрэчных з Калядамі, заходзяць у кватэры, дзе іх чакаюць, а для кагосьці святочны вэрхал становіцца прыемным сюрпрызам. Вось Каза гарэзліва танцуе з гаспадаром, але раптоўна валіцца на падлогу. Памірае нябога. Трэба яе хутка ратаваць – пачаставаць чым-небудзь смачным, а яшчэ лепш паднесці чарку. Пасля гэтага Каза ажывае, што сімвалізуе пачатак новага года і адраджэнне сонца. Цыган дэманструе, на якія штукі здатны яго мядзведзь: «Пакажы, Мішка, як мужыкі ідуць ранкам на работу! А цяпер пакажы, як вяртаюцца…» Цыганка гадае гаспадарам, што іх чакае ў новым годзе: прыбаўленне ў сям’і, набыццё машыны, паездка на курорт ці проста ўдалая рыбалка. Пакуль танцуе Бусел, можна паваражыць, якім будзе надвор’е. Вядома, добрым! Улетку будзе свяціць сонца, а ўзімку пойдзе снег.
А гаспадары ў сваю чаргу шчодра частуюць калядоўшчыкаў, якія, згодна з народнымі ўяўленнямі, прыносяць у дом шчасце і дабрабыт на ўвесь наступны год. ■
Андрэй БУРЭЦ. Фота аўтара.
