На сэканомленым паліве
Актыўна рыхтуецца да свята працы калектыў аўтабазы № 18. Усяго ў «чырвонай субоце» прымуць удзел 312 чалавек. Работнікі будуць працаваць як на сваіх месцах, так і на добраўпарадкаванні тэрыторыі. Плануецца перавезці 1,5 тоны грузаў, адрамантаваць 12 аўтамашын. Брыгада вадзіцеляў самазвалаў будзе працаваць на сэканомленым паліве.
На практыку – у поле
У выпускнікоў Відзаўскага ССПТВ-32 пачалася апошняя вытворчая практыка. Аж 142 навучэнцы атрымалі часовыя пасведчанні трактарыстаў і раз’ехаліся па гаспадарках раёна. Калгасы атрымалі добрае папаўненне: большасць хлопцаў у вучылішчы дэманстравалі выдатныя тэарэтычныя і практычныя веды.
Да ведама жыхароў г. Браслава
Грамадзяне, якія маюць участкі для пасадкі бульбы, павінны да 21 красавіка 1986 года ўстанавіць на іх таблічкі з абавязковым указаннем адраса, прозвішча, імя і імя па бацьку ўладальніка. Браслаўчане, якія не ўстановяць таблічкі ва ўказаны тэрмін або перадалі іншым асобам выдзеленыя ўчасткі, будуць пазбаўлены права карыстання імі.
Пакуль шукалі гаспадара
Амаль два тыдні частавалі наведвальнікаў толькі халоднымі закускамі работнікі Казянскай сталовай. І не па сваёй віне: згнілі і паваліліся два слупы электралініі. Пакуль кіраўнікі энергазбыту і электрасеткі высвятлялі, каму іх аднаўляць, школьнікі, якія звычайна тут харчуюцца, сядзелі без гарачых абедаў.
Служба, патрэбная людзям
З 1973 года дзейнічае ў Браслаўскім раёне райпаліўзбыт, што размяркоўвае і дастаўляе насельніцтву і ўстановам вугаль, торфабрыкет і дровы. Перавагай пры іх атрыманні карыстаюцца інваліды і ўдзельнікі вайны, персанальныя пенсіянеры. Для завозу паліва заказчыкам тут маюцца 4 трактары і 2 аўтамашыны. Скаргаў у апошні час не было: работа райпаліўзбыту наладжана дакладна. ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.
