Вылучаюць лепшых

Главное

IMG_9576 (Small)Ніводнага свабоднага месца не засталося ў актавай зале філіяла ААТ «Глыбоцкі МКК» «Браслаўрыба», дзе працоўны калектыў прадпрыемства сабраўся на сход, каб вылучыць свайго кандыдата ў дэпутаты раённага Савета па Дзяржынскай выбарчай акрузе №7. Пасля абавязковай працэдуры абрання кіруючага органа сходу, слова было дадзена намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірыне Мацук.
Вітаючы прысутных, Ірына Віктараўна падкрэсліла, што на цяперашні час уклад калектыву «Браслаўрыба» у валавай вытворчасці прамысловай прадукцыі раёна дасягае 42%. Таму працаўнікі прадпрыемства заслужылі поўнае права вылучыць свайго кандыдата ў раённы Савет дэпутатаў. У той жа час, падкрэслівала І. Мацук, перш чым прапаноўваць кандыдатуру, трэба грунтоўна ўзважыць яго дзелавыя якасці, бо ў райсавет павінны трапіць людзі прынцыповыя, ініцыятыўныя, здольныя браць на сябе адказнасць за вырашэнне праблем сваіх выбаршчыкаў. І сярод 155-ці працуючых на прадпрыемстве такіх знойдзецца нямала. Галоўнае, варта з усіх дастойных выбраць таго, за каго ў дзень выбараў прагаласуюць людзі.
Затым слова ўзяла інспектар па кадрах Святлана Лакомка, якая прапанавала вылучыць кандыдатам у дэпутаты раённага Савета вядучага эканаміста Жанну Навумаву. Яна ахарактарызавала яе, як граматнага спецыяліста, прынцыповага чалавека, уважлівага да людскіх праблем. Хоць Жанна Эдуардаўна ўпершыню паспрабуе атрымаць дэпутацкі мандат, прамоўца запэўніла прысутных у тым, што сярод уноўабранага дэпутацкага корпуса яна здолее заняць дастойнае месца.
Прапанову вылучыць кандыдатам у дэпутаты Ж. Навумаву падтрымала і намеснік дырэктара прадпрыемства Жанна Антоненка. Удзельнікі сходу аднагалосна прагаласавалі за вылучаную кандыдатуру.
Жанна Навумава ў сваю чаргу падзякавала калегам за аказаны давер і паабяцала, што, калі атрымае дэпутацкі мандат, будзе дастойна несці званне народнага выбранніка, адстойваць інтарэсы калектыву і кожнага з выбаршчыкаў.

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.