На п’едэстал узышлі

Главное

8634cb582253bca1375456f52c6911b5Добрай традыцыяй стала правядзенне галіновых спартакіяд работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Зімовы этап ужо восьмых па ліку абласных спаборніцтваў праходзіў 23-24 студзеня ў Наваполацку.
Каманда КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” змагалася за званне мацнейшай з пятнаццацю аналагічнымі сапернікамі ў рамках першай зоны. Усяго ж у спартакіядзе ўдзельнічалі 29 каманд з усяго Прыдзвінскага краю. Сярод іспытаў, прапанаваных удзельнікам мерапрыемства, былі настольны тэніс, шахматы, шашкі, дартс, більярд. Лыжныя гонкі і эстафету арганізатары вырашылі не праводзіць з прычыны недастатковай колькасці снегу. Таму і зімовай спартакіяду можна назваць з нацяжкай.
Тым не менш яна адбылася і пераможцы вызначыліся. На жаль, у агульнакамандным заліку браслаўчане не здолелі заняць высокае месца. У асабістым жа пэўныя поспехі ёсць. Акрамя некалькіх месц у першай пяцёрцы нашы камунальнікі пабылі і на п’едэстале. Так, у першы дзень спаборніцтваў вальшчыку лесу УП “Браслаў-камунальнік” Максіму Каросціку не было роўных у більярдзе. Хлопец абыграў усіх сваіх сапернікаў і заняў першае месца. Аднак у фінале ён саступіў пераможцу другога этапу. У выніку абараняць гонар Віцебшчыны на рэспубліканскія спаборніцтвы паедзе віртуоз кія з Чашніцкага раёна.

Вячаслаў Каладынскі.