Чарговую абласную ўзнагароду атрымалі работнікі МТФ «Якавічы» СВК «Маяк Браслаўскі». Калектыў зноў адзначаны за высокія вытворчыя паказчыкі.
Па выніках прафсаюзнага спаборніцтва па вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі ў апошнім квартале мінулага года МТФ «Якавічы» заняла другое месца.
За шчырую, добрасумленную працу калектыў фермы ўзнагароджаны дыпломам і грашовай прэміяй. Таксама ў лідары зноў выйшла адна з аператараў машыннага даення гэтай жа фермы – Яніна Астроўская. Яна атрымала ўзнагароду за высокія надоі ў снежні 2022 года.
Як расказала загадчыца МТФ Валянціна Крывель, галоўны сакрэт іх частых перамог – гэта зладжаны калектыў. Усе добра ведаюць, што заробак налічваецца ад колькасці надоенага малака, таму кожны з аператараў імкнецца даглядзець сваю групу жывёлы як мага лепш, выконваючы ўсе тэхналагічныя патрабаванні жывёлагадоўчага працэсу.
Самі работнікі кажуць, што таксама адной з найважнейшых спраў з’яўляецца клопат і ўвага да кожнай каровы.
Усяго на ферме ўтрымліваецца каля 140 галоў, іх даглядаюць 4 даяркі. Па выніках мінулага года валавая вытворчасць малака з нарастаючым вынікам склала 1 134 т – гэта 105 % да мінулага года.
Яніна Астроўская ад сваёй групы ў 35 галоў у снежні надаіла 25,1 тоны малака, сярэдні надой на карову склаў 718 кг. ■