Змяненні ў Канстытуцыю з браслаўчанамі абмеркаваў парламентарый Павел Сільчонак

Референдум-2022
Браслаўскі раён з рабочым візітам наведаў Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Сільчонак. У яго рамках парламентарый правёў сустрэчы з некалькімі калектывамі, падчас якіх найбольшую ўвагу надаў тэме канстытуцыйнага рэфармавання.

П. Сільчонак пабываў у РЭСе, рэдакцыі «Браслаўскай звязды» і нацыянальным парку. І ўсюды гаворка ішла пра змяненні і дапаўненні ў Асноўны закон краіны, якія цяпер вельмі актыўна абмяркоўваюць літаральна на ўсіх узроўнях.

Парламентарый неаднаразова завастрыў увагу, што абнаўленне беларускай Канстытуцыі – нармальны працэс, неабходнасць якога адчуваецца ўжо даўно. «Пры гэтым мы робім крок наперад з прыцэлам на доўгатэрміновую перспектыву ў дзясяткі гадоў», – падкрэсліў дэпутат.

Паводле яго слоў, у справе збору і апрацоўкі адпаведных прапаноў і заўваг беларусы праяўляюць вялікую актыўнасць: па ўсёй краіне шырока абмяркоўваюць дадзеную тэму, ужо сабрана звыш 7 тысяч тэматычных зваротаў. «У сам праект Канстытуцыі ўсе яны, хутчэй за ўсё, не ўвойдуць – гэта дакумент адпаведнага маштабу. Але прапановы народа абавязкова знойдуць адлюстраванне ў іншых нарматыўна-прававых актах», – адзначыў П. Сільчонак.

Кажучы пра канкрэтныя новаўвядзенні, парламентарый найбольш падрабязна расказаў пра такія, як заканадаўчае замацаванне гераізму беларусаў і гістарычнай праўды, вызначэнне шлюбу выключна як саюза мужчыны і жанчыны, наданне Беларусі статусу мірнай атамнай дзяржавы (у сувязі з уводам у строй БелАЭС), істотнае пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў, у тым ліку надзяленне большымі правамі і адказнасцю Усебеларускага народнага сходу, перагляд патрабаванняў для кандыдатаў на пост Прэзідэнта і іншае.

Пры гэтым дэпутат Палаты прадстаўнікоў неаднаразова падкрэсліваў, што ў Беларусі плануецца не прыняцце новай Канстытуцыі, а ўсяго толькі змяненне існуючай, што неабходна для адпаведнасці яе патрабаванням часу.

Фармат сустрэч, дарэчы, быў заяўлены як дыялогавая пляцоўка, што мае на ўвазе актыўнасць абодвух бакоў. І браслаўчане з задавальненнем скарысталіся магчымасцю задаць П. Сільчонку цікавячыя іх пытанні. Гутарка ў гэтым кантэксце ішла з закрананнем шырокага кола тэм. Так, энергетыкаў цікавілі аспекты службы беларускіх салдат у рамках абавязацельстваў нашай краіны як члена АДКБ, журналісты паднялі пытанне наконт перспектыў размеркавання функцый паміж Парламентам і УНС, у нацыянальным парку цікавіліся дзяржаўнай палітыкай у сферы абавязковай вайсковай службы, рэгулявання цэн, у тым ліку на энерганосьбіты, накірункамі развіцця міжнародных зносін нашай краіны і іншым.

Акрамя таго, ва ўсіх наведаных дэпутатам калектывах уздымаліся надзённыя мясцовыя пытанні. У гэтым кантэксце гаворка ішла пра неабходнасць рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Браславе, развіццё гарадской інфраструктуры, аспекты харчавання школьнікаў, забеспячэнне насельніцтва дрывамі, капітальны рамонт шматкватэрных дамоў і г. д. На большасць пастаўленых пытанняў Павел Сільчонак адказаў адразу, у нюансах асобных паабяцаў разабрацца пазней.

Такім чынам, браслаўчане працягваюць абмяркоўваць найважнейшыя тэмы бягучага парадку дня. Радуе, што атрымаць адказы ў нас ёсць магчымасць у тым ліку з вуснаў кампетэнтных асоб рэспубліканскага маштабу. ■