Жадаючых нелегальна трапіць у Еўропу ў пошуках лепшай долі з кожным днём усё больш. Толькі нядаўна супрацоўнікі Полацкага пагранатрада затрымалі каўказца і расіяніна. І вось зноў новае парушэнне мяжы.
На гэты раз ноччу 15 лютага полацкія пагранічнікі ў 700 метрах ад мяжы за наўмыснае незаконнае яе перасячэнне з Беларусі ў Латвію затрымалі трох каўказцаў.
Зараз у адносінах да іх праводзяцца праверачныя мерапрыемствы. Адзін з іх раней на працягу года ўжо быў затрыманы за такое ж парушэнне. Зараз ён можа быць пакараны да 2-х гадоў пазбаўлення волі.
Яшчэ двум парушальнікам мяжы пагражае штраф і дэпартацыя.
Мужчыны паведамілі, што прыляцелі ў Мінск на самалёце. Затым дабраліся да Брэста. Яны марылі трапіць у Еўропу і там працаўладкавацца. У адным з міжнародных пунктаў пропуску мужчыны перасеклі беларуска-польскую мяжу, аднак сумежны бок ім адмовіў ва ўездзе. І тады парушальнікі вырашылі трапіць у Еўропу нелегальна праз беларуска-латвійскую мяжу. Пры гэтым яны добра падрыхтаваліся, запасліся адзеннем, прадуктамі харчавання і набылі карту мясцовасці.
А ўжо раніцай 16 лютага затрымалі яшчэ дваіх каўказцаў. Пазней стала вядома, што яны былі звязаны з папярэдняй групай парушальнікаў. Іх чакае такое ж пакаранне.
Дзяніс Глебка,
памочнік начальніка Полацкага пагранатрада па рабоце са СМІ.