Рэспубліканская медыцынская акцыя ЛІЧБЫ ЗДАРОЎЯ: артэрыяльны ціск у Браславе

Акции, конкурсы, выступления Здоровье

1Рэспубліканская медыцынская акцыя пад такой назвай 29 сакавіка стартавала і ў Браслаўскім раёне.

Яе адлік пачаўся зранку на першым паверсе раённай паліклінікі. Медыцынскія работнікі і супрацоўнікі РЦГіЭ лагодна запрашалі наведвальнікаў медустановы перад тым, як узяць у рэгістратуры талон ды пайсці да лечачага ўрача, праверыць свой артэрыяльны ціск. І, трэба сказаць, большасць людзей (усяго 45 чалавек) ахвотна згаджаліся, бо акцыя найперш скіравана на інфармаванне насельніцтва пра неабходнасць кожнага асабіста сачыць за станам свайго здароўя.

Урач-кардыёлаг Алена Пабяржына, вымяраючы ў пацыентаў артэрыяльны ціск, цікавілася іх паўсядзённым самаадчуваннем, давала парады, рэкамендацыі, а пяці з іх прапанавала прама на месцы прыняць медпрэпараты, каб нармалізаваць павышаны ціск.

Праходжанне акцыі здароўя суправаджалася анкетаваннем: рэспандэнтам прапаноўвалі адказаць на пытанні, якія тычыліся лічбавых паказчыкаў артэрыяльнага ціску, перыядычнасці яго кантролю, абмежаванасці ўжывання солі, вагі цела, фізічнай актыўнасці і г. д. Аналіз вынікаў апытання паспрыяе ў далейшым у справе прафілактыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі.

Мерапрыемствы рэспубліканскай акцыі здароўя будуць праходзіць у раёне штомесячна з 10 гадзін раніцы ў арганізацыях, якія масава наведваюць людзі рознага ўзросту: цэнтральная аптэка — 19 красавіка, аўтастанцыя — 17 мая, гарадскі рынак — 21 чэрвеня, універмаг — 19 ліпеня, гандлёвы цэнтр «Віталіч» — 16 жніўня, «Еўраопт» — 20 верасня, цэнтральная бібліятэка — 18 кастрычніка, Відзаўская бальніца — 15 лістапада, Опсаўская амбулаторыя — 20 снежня. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.