Утульнае “Браслаўскае мястэчка”

Главное

80990x200Аграсядзіба з мілагучнай і нават ўтульнай назвай “Браслаўскае мястэчка” знаходзіцца на ўскрайку вёскі Замошша. З аднаго боку да сядзібы прымыкае лес, багаты на ягады і грыбы, а з другога — возера Шылава, на якім можна парыбачыць. Згадзіцеся, вельмі спрыяльныя ўмовы для адпачынку. Хадзі сабе, любуйся навакольнай прыродай і атрымлівай асалоду ад спеваў птушак. А што яшчэ патрэбна чалавеку, які хоча адпачыць ад гарадскога пылу і мітусні?
Гаспадарыць на сядзібе сям’я Шокель. Павел працуе ў нацпарку, а жонка Ганна кіруе сямейнымі справамі і з’яўляецца ініцыятарам ідэй па добраўпарадкаванні. Знаёмячыся з жанчынай, нельга не трапіць пад яе абаянне. А калі яшчэ даведваешся, што лаўка, на якой вы сядзіце і размаўляеце, зроблена яе рукамі, а яшчэ крэсла-качалка, забаўныя каты, зайцы, сабачкі, мядзведзі, пеўнікі на калодзежы і нават агароджа вакол дома, то здзіўленню няма канца і краю…
— Калі яшчэ толькі будаўнікі займаліся аграсядзібай, я папрасіла ў іх інструмент і зрабіла лаўкі ў выглядзе катоў. Атрымалася, спадабалася — і не спынілася толькі на іх, — расказвае Г. Шокель. — Муж прывёз дровы, я ўбачыла цурбан. Ага, цікавы нейкі, а калі прыладзіць дошчачку ці дзве? Так з’явіўся кракадзіл Гена, потым Чабурашка і іншыя фігуры вакол дома.
І сапраўды, калі прагуляцца па сядзібе, то можна фатаграфавацца каля кожнага драўлянага вырабу. Здаецца, што складанага ў іх. Але ж бачыш мілыя, душэўныя фігуркі. З фантазіяй жанчына падыходзіць да афармлення ўсяго на сядзібе. Нават лавачкі вакол вогнішча зроблены ў выглядзе цягніка з вагонамі. Не адстаюць і родныя. Дачка, напрыклад, размалявала сцены прыгожымі малюнкамі на лясную тэматыку.
— Няма непатрэбных матэрыялаў. Нават камню можна надаць другое жыццё. Вось паглядзіце на маю чарапашку, — кліча мяне жанчына. — Я ўбачыла камень, прымасціла побач некалькі другіх, замацавала цэментам і размалявала фарбамі.
І халодны камень, некалі шэры і нікому не патрэбны, зараз так прывабна глядзіцца пад кустом, быццам сапраўдная чарапаха выпаўзае з-пад яго.
У “Браслаўскае мястэчка” на адпачынак прыязджаюць людзі з Беларусі і Расіі. Цікава, што масквічы першыя суткі, а то і нават двое запар, адсыпаюцца. Ад чыстага паветра ў іх кружыцца галава, і патрэбен час, каб прывыкнуць да яго.
Гаспадары аграсядзібы “Браслаўскае мястэчка” імкнуцца зрабіць усё, каб іх гасцям было прыемна тут знаходзіцца. Тэрыторыя абкошана, пасаджаны розныя кветкі, ягадныя кусты, ядловец… Спецыяльна для прыезджых маецца агародчык з зелянінай. У распараджэнні гасцей лазня, лодка, катамараны, мангал, вуды, прыгожая альтанка на беразе возера і інш. Для маленькіх дзетак пабудавана пясочніца і ўстаноўлены арэлі, а для іх мам побач стаіць лавачка. Для актыўных 6130x200турыстаў зроблена валейбольная пляцоўка, якая, па назіраннях уладальнікаў сядзібы, не пустуе.
Бачна, што гаспадары з любоўю падыходзяць да ўсяго наўкол. А колькі старання і часу патрэбна ўкласці, каб гэта выглядала прывабна!
— Пастаянна хочацца ўсё навокал удасканальваць, уносіць змены. Зімой, калі на ўчастку не папрацуеш, робяцца эскізы і загатоўкі будучых вырабаў. Так, гэтай зімой займалася агароджай, а вясной мае мужчыны (муж і сыны) яе ўстанавілі, — кажа Ганна Станіславаўна.
Вось так сумеснымі сямейнымі намаганнямі ствараецца прыгажосць наўкол. І верыцца, што на дасягнутым у “Браслаўскім мястэчку” не спыняцца, бо з такой энергічнай і поўнай розных задум гаспадыняй гэта проста немагчыма.

Алена Набеева.
Фота аўтара.