У народзе кажуць: “Хочаш быць шчаслівым адзін дзень — схадзі ў госці, хочаш быць шчаслівым адзін тыдзень — купі сабе аўтамабіль, хочаш быць шчаслівым адзін год — ажаніся, а хочаш быць шчаслівым усё жыццё — будзь здаровым.”
Кіруючыся гэтым выказваннем на мінулым тыдні ў Відзаўскай школе прайшла антытытунёвая акцыя “Мяняю цыгарэту на цукерку”, у якой прынялі ўдзел вучні 7-11 класаў, першы сакратар раённага камітэта БРСМ Марыя Сяліцкая і супрацоўнік РЦГіЭ Ірына Пяткун.
Мэта мерапрыемства — даказаць, што ад адной цукеркі атрымаць задавальнення можна намнога больш, чым ад выкуранай цыгарэты.
Напачатку акцыі настаўніца школы Таццяна Стома яшчэ раз нагадала слухачам пра шкоду курэння, пажадала ўсім добрага здароўя і поспеху ў барацьбе са шкоднымі звычкамі.
Урачы мясцовай бальніцы Аляксандра Рак і Вераніка Паўленка разам з вучнямі 9 класа правялі флэш-моб “Зламі цыгарэту, інакш яна зломіць цябе!”
Актывісты БРСМ прапанавалі жадаючым кінуць цыгарэту ў макет лёгкіх, а ўзяць адтуль смачную цукерку і ўпэўніцца, што салодкае лепш, чым нікатын.
Вучні актыўна разбіралі для сябе і сваіх сяброў лістоўкі з парадамі, як кінуць курыць, буклеты з інфармацыяй пра шкоду нікатыну, выпускалі насценгазеты і плакаты адпаведнай тэматыкі. У знак прыхільнасці здаровага ладу жыцця на школьнай форме дзяўчат і хлопцаў былі прышпілены стыкеры з паведамленнем “Курыць не модна”.
Акцыя выклікала зацікаўленасць не толькі сярод старшакласнікаў. Малодшыя школьнікі таксама крэатыўна падышлі да ўдзелу ў акцыі і стварылі самаробныя цыгарэты, за што былі ўзнагароджаны цукеркамі.
Завяршылася наша акцыя тым, што вучні школы ўзялі ўсе цыгарэты, якія сабралі ці зрабілі, зламалі іх і выкінулі.
І калі наша акцыя дапамагла камусьці задумацца пра наступствы курэння ці, што яшчэ лепш, хтосьці ў гэты дзень рашыў кінуць курыць, значыць, мы стараліся не дарэмна!