Існуе нямала прафесій і людзей, якія іх выбралі, што ратуюць жыцці ўсіх, хто трапляе ў надзвычайныя сітуацыі, церпіць на пажарах, у ДТЗ, моцна хварэе. У такіх выпадках на дапамогу ім прыходзяць урачы анестэзіёлагі-рэаніматолагі. Менавіта яны нярэдка выцягваюць чалавека, як кажуць, з таго свету.
Рэанімацыйна-анестэзіялагічнае аддзяленне ў райцэнтры на 4 ложкі з’явілася ў 1990 годзе яшчэ ў старым памяшканні ЦРБ. Першымі спецыялістамі там працавалі Арсеній Скачкоў і Андрэй Паўлаў. На жаль, ні аднаго, ні другога ўжо няма на гэтым свеце.
Разам з імі некалькі гадоў запар ратавалі жыцці людзей медсёстры Ала Лабэцкая, Марына Галавацкая, Тамара Супранёнак, Вольга Баранчук, Галіна Чэркас, а сёстрамі -анестэзістамі тады былі Святлана Прымачук і Феліцыя Лакотка.
У новую бальніцу калектыў пераехаў у 1994 годзе. Загадчыкам працаваў не адзін год Тадэвуш Кавалёнак, урачамі — Аляксандр Макарэвіч і Вальдэмар Лакевіч, а з 2012 года яго ўзначальвае Алена Абалевіч.
У свой час Алена закончыла з сярэбраным медалём Опсаўскую СШ, затым з чырвоным дыпломам Віцебскі медуніверсітэт. Яна пазнавала сакрэты прафесіі пад кіраўніцтвам вопытных браслаўскіх урачоў. Стала выдатным спецыялістам сваёй справы і ўжо можа даць слушныя парады маладому доктару Іне Вашкевіч, якая сёлета ўлілася ў калектыў.
Урачы анестэзіёлагі-рэаніматолагі – спецыялісты ўзаемазамяняльныя. У час падрыхтоўкі да аперацыі ў іх абавязкі ўваходзіць супакоіць чалавека, настроіць яго на самае лепшае, а затым падабраць патрэбную дозу наркозу.
У рэанімацыйнае аддзяленне людзі трапляюць пасля інсультаў, інфарктаў і г.д.
Тут пацыенты ўвесь час у ляжачым стане і ўсе 24 гадзіны пад пільным наглядам медыкаў.
Вельмі часта жыццё людзей, якія сюды трапляюць, вісіць на валаску. Таму ўрачы гэтай спецыялізацыі, акрамя высокага прафесіяналізму, павінны ўмець прымаць правільнае рашэнне тут і зараз, бо часам каштоўная кожная хвіліна.
Ёсць пацыенты, моманты выратавання якіх уразаюцца ў памяць на ўсё жыццё. Але, па прызнанні Алены Абалевіч, да кожнага такога выпадку індывідуальны падыход. Тут не можа быць шаблону.
— Праўда, якое ж шчасце, калі ты адчуваеш, што каманда змагла вярнуць чалавеку жыццё, калі ўдалося ўтрымаць баланс на краі жыцця і смерці, — гаворыць доктар.
У медыкаў рэанімацыйна-анестэзіялагічнага аддзялення Браслаўскай ЦРБ ёсць усе ўмовы, каб прафесіянальна аказаць дапамогу пацыенту, неабходныя медпрэпараты, 5 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх на 6 ложкаў. Асабліва камфортна стала хворым пасля праведзенай у аддзяленні рэканструкцыі.
Маюцца 2 рэанімабілі, аснашчаныя сучасным абсталяваннем, на якіх можна вазіць пацыентаў пры неабходнасці ў абласныя ўстановы аховы здароўя.
Нярэдка пасля выздараўлення некаторыя пацыенты абвінавачваюць медыкаў у занадтай строгасці і прынцыповасці. Але такіх нямнога. Большасць жа людзей удзячны за выратаванне. Здараецца і праз год самі ці іх родныя прыходзяць з удзячнасцю да медыкаў за тое, што выцягнулі з таго свету.
Нягледзячы на цяжкую працу, ва ўрачоў анестэзіёлагаў-рэаніматараў ёсць і шмат пазітыўных момантаў. Хутчэй, чым у гэтым аддзяленні, нідзе не ўбачыш, як з крайне цяжкага стану, дзякуючы іх ведам і навыкам, чалавек вяртаецца да жыцця. А гэта многага варта.
Зінаіда Палулех.
На здымку: загадчыца рэанімацыйна–анестэзіялагічнага аддзялення Алена Абалевіч (злева) і медыцынская сястра Алена Навіцкая.
Фота аўтара.