У крыві – арганізатарскія здольнасці

Люди

IMG_8604 (Small)Вольга Карагіна была актывісткай яшчэ ў школе, удзельнічала ў самадзейнасці, займалася спортам. Потым вучылася ў Лужаснянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме на аддзяленні заатэхнія і там была завадатарам розных студэнцкіх мерапрыемстваў. Працаваць вярнулася на бацькаўшчыну ў калгас “Шлях Леніна” заатэхнікам. Кіраўніцтва гаспадаркі адразу прыкмеціла дзяўчыну, якая і на працы паспявала, і добра ладзіла з людзьмі ў калектыве, заўсёды выдзялялася сваімі арганізатарскімі здольнасцямі. Неўзабаве камсамольцы абралі яе сакратаром сваёй арганізацыі.
У той час было “модна” ў кожным калгасе мець падсобны промысел. Напрыклад, у Богіна набівалі дываны, у Друйску варылі піва, у Далёкіх выпускалі гумова-тэхнічныя вырабы, у Відзы-Лаўчынскіх армяне пяклі свой нацыянальны хлеб. А ў Ахрэмаўцах узяліся за вырошчванне цюльпанаў. Вольга Карагіна разам са сваімі аднадумцамі з задавальненнем займалася гэтай справай. На другім паверсе малочна-таварнай фермы “Гайлешы” была пабудавана вялікая цяпліца, у якой вырошчвалі рознакаляровыя кветкі.
– У асноўным, – успамінае Вольга Фёдараўна, – тыя, што вырасцілі, дарылі сваім працаўнікам на розныя святы. Дарэчы, святы заўсёды ў гаспадарцы адзначалі з размахам. Часта ладзілі канцэрты, ушаноўвалі работнікаў.
З 2009 года пры апошнім аб’яднанні гаспадарак Вольга Фёдараўна працуе інжынерам па тэхніцы бяспекі ў ААТ “Браслаўскі райаграсервіс”, а таксама з’яўляецца старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. У гаспадарцы абсталяваны клас, у якім В. Карагіна праводзіць інструктажы. У гэтым кабінеце на сценах развешаны плакаты, табліцы, якія даюць патрэбную інфармацыю ў даступнай форме. Увогуле гэта адна з нямногіх у раёне арганізацый, у якой работа па тэхніцы бяспекі з працаўнікамі вядзецца не толькі на паперы, а непасрэдна з праверкай усіх навыкаў.
Што датычыцца прафсаюзнай справы, то жанчына не губляе сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыі і стараецца заўсёды адстаяць правы работнікаў на матэрыяльную дапамогу, стымуляванне, хоць у гаспадарцы цяпер, мякка кажучы, не самы лепшы перыяд. Вольга Фёдараўна перажывае за кожнага, калі з-за матэрыяльных цяжкасцей не атрымліваецца дапамагчы сваім работнікам.
– Усё ж такі, мы імкнёмся падтрымліваць аптымістычны настрой нашых людзей, – кажа Вольга Карагіна. – Да свят ладзім канцэртныя праграмы. Школьнікі таксама запрашаюць працаўнікоў гаспадаркі на свае самадзейныя выступленні.
Што Вольга Фёдараўна сапраўды працуе “на сваім месцы”, кажуць і яе шматлікія ўзнагароды. Напрыклад, у 2009 годзе яна атрымала Грамату раённага аб’яднання прафсаюзаў, у 2011 – дыплом Федэрацыі прафсаюза Беларусі, у 2012 – Грамату Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.
У гэтым жа годзе напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Вольга Карагіна ўзнагароджана Ганаровай граматай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.