Сапраўдны гаспадар

Люди

IMG_4190 (Small)Ёсць людзі, якія ўсё сваё жыццё прысвячаюць адной справе. Начальнік аддзялення “Гаўрылаўцы” ААТ “Слабодка-агра” Браніслаў Ермалёнак адзін з такіх. Мужчына амаль 40 гадоў шчыруе ў сельскай гаспадарцы і ўкладвае ў гэту справу ўсю душу.
Б. Ермалёнак, ураджэнец Браслаўшчыны з самага дзяцінства быў цесна звязаны з зямлёй, бо рос у сялянскай сям’і. Таму і працоўны шлях звязаў з гэтай сферай: у Гарадоцкім тэхнікуме атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка, працаваў загадчыкам гаража, а пазней і галоўным інжынерам калгаса. На мяжы 1980-х – 90-х, калі праходзіла першая хваля аб’яднання гаспадарак, заняў пасаду начальніка аддзялення і вось ужо 25 гадоў нязменна кіруе ім.
За гэты час як кіраўнік зарэкамендаваў сябе выключна з лепшага боку. Патрабавальны, і ў першую чаргу да сабе самога, адказны, неабыякавы да справы і людзей, ён заўсёды імкнецца давесці пачатае да канца, вырашыць пастаўленую задачу. І такі падыход проста не мог не даць вынікаў. Сёння “Гаўрылаўцы” – узорнае падраздзяленне “Слабодкі-агра”: майстэрні і фермы заўсёды ў належным парадку, надоі і прывагі – самыя высокія ў гаспадарцы. Адным словам, бачна, што на тутэйшай зямлі ёсць дбайны гаспадар.
Як адзначае дырэктар акцыянернага таварыства Аляксандр Дзегцяроў, Браніслаў Ермалёнак – яркі прадстаўнік пакалення сапраўдных сельгасвытворцаў. “Ён з тых, на каго заўсёды можна абаперціся, хто не цураецца работы і вырашае пастаўленыя задачы. Такія людзі дзейнічаюць па прынцыпе “сказаў – зрабіў” і фармуліроўкі “я не змог” для іх не існуе,” – кажа Аляксандр Уладзіміравіч.
Сам жа Браніслаў Браніслававіч лічыць сябе проста добрасумленным работнікам. Самадысцыпліна, уменне знайсці агульную мову з падначаленымі і адказнае стаўленне да справы – вось сакрэт яго поспехаў. У той жа час Б. Ермалёнак сціплы, але вельмі прыемны ў размове чалавек, выдатны сем’янін: выхаваў дваіх дачок і сына, падрастаюць пяцёра унукаў.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.