У кожнай гаспадарцы ёсць людзі, якія складаюць моцны яе касцяк. Яны вылучаюцца працавітасцю, стараннасцю, адданасцю справе. Усімі гэтымі якасцямі валодае і трактарыст-машыніст ААТ “Агравідзы” Леанід Паляк.
Нямала добрых слоў пра механізатара можна пачуць ад кіраўніцтва, калег па рабоце. І ўсе, хто яго ведае, адзначаюць, што галоўная якасць Л. Паляка — выключная адказнасць.
Працаваць якасна — “у крыві” мужчыны. Карані яго тут, на гэтай зямлі. Нарадзіўся і вырас Леанід у в. Леанполле. У калгасе раней працавалі яго бацькі. Яны ж з дзяцінства прывілі яму любоў да зямлі, загартавалі сялянскай працай практычна з маленства. Гэта і стала рашаючым момантам у выбары будучай прафесіі. Юнак паступіў у тагачаснае Відзаўскае вучылішча, а калі скончыў яго, у 1992 годзе прыйшоў у мясцовую гаспадарку: вырашыў не блукаць па свеце ў пошуках лепшага жыцця, а вярнуцца ў родную вёску.
З тых часоў і працуе ў ААТ “Агравідзы”. Быў, праўда, момант, калі мужчына паспрабаваў сябе ў іншай дзейнасці, але праз некалькі гадоў зноў вярнуўся ў гаспадарку.
На працягу года вопытны механізатар, а стаж Л. Паляка ў акцыянерным таварыстве каля 17 гадоў, заняты на розных работах. Ён не проста трактарыст-машыніст, а сапраўдны майстар на ўсе рукі. Як толькі сыходзіць снег, механізатар на сваёй “Расе” выязджае на падкормку траў і пашы, пазней дапамагае ў нарыхтоўцы кармоў. Гарачай летняй парой Леанід перасаджваецца на камбайн і ўносіць свой значны ўклад у агульны каравай раёна. Восенню ж задзейнічаны на ворыве, унясенні ўгнаенняў. Вопыту ў гэтых справах яму не займаць. Справіцца механізатар можа з любой тэхнікай, і яе ў абслугоўванні Л. Паляка больш за іншых.
Пра адносіны Ленаіда Яўгенавіча да тэхнікі хочацца сказаць асобна. Абыходзіцца з ёй беражліва, бо лічыць, што лепш акуратна на ёй працаваць, чым потым доўга рамантаваць. Не самы новы трактар выглядае ў яго так, быццам толькі сышоў з канвеера. Калі б мужчына ні прыехаў на мехдвор, ніколі не пойдзе дадому, пакуль не памые тэхніку. Нідзе на ёй не ўбачыш ні падцёкаў, ні бруду.
Увогуле ж усё, што яму даручаюць, робіць якасна, без затрымкі, з поўнай аддачай, каб апраўдаць давер кіраўніцтва. Вось і зараз, здавалася б, усе работы ў гаспадарцы зроблены. Але адказнаму механізатару даверылі трактар МТЗ з прычэпам “Гаспадар” і паставілі на абслугоўванне фермы.
Працаваць дзень у дзень, часам без выхадных, рана ўставаць і позна вяртацца дадому ён ужо прывык. І тым не менш Леанід лічыць сябе шчаслівым чалавекам. На рабоце ладзяцца справы, дома чакае сям’я. Дарэчы, дом механізатару за шчырасць у працы выдзелілі дзесяць гадоў таму назад.
Леанід Яўгенавіч не раз атрымліваў розныя дыпломы, граматы, прэміі, а напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі скарбонка ўзнагарод папоўніцца яшчэ адной, і яна, верагодней за ўсё, будзе не апошняй.
Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.
