Аксакал вытворчасці

Люди

IMG_3830 (Small)Гэты чалавек здольны адрамантаваць самы зношаны механізм, так ахарактыразаваў работу галоўнага інжынера Станіслава Аўчынкі дырэктар ААТ «Друйскі» Аляксандр Бялюн. А пасля невялікай паўзы дадаў: «Ды і запчастку любую можа раздабыць, бо за гады сваёй работы здолеў наладзіць самыя цесныя сувязі з калегамі ў рамонтных арганізацыях па ўсёй рэспубліцы».
Сапраўды, у Станіслава Іосіфавіча самы вялікі стаж галоўнага інжынера з усіх працуючых у сельгаспрадпрыемствах раёна. А што сваё жыццё звяжа з тэхнікай, ён зразумеў, калі бацька першы раз узяў «пакатацца» на камбайне. Менавіта гэты агрэгат вельмі захапіў хлопчыка. Як прызнаецца сам, калі ў час уборачнай прыязджае на поле, дзе працуюць камбайны, не прыміне, каб не самому не «нарэзаць» круг–другі.
Правы трактарыста-машыніста С. Аўчынка атрымаў, калі закончыў Малькаўскую сярэднюю школу. Адразу ж уладкаваўся на працу трактарыстам у родны калгас імя Суворава. І ў першую ж уборачную ўжо камбайнерам, а не памочнікам як раней у бацькі, убіраў збожжа.
Потым была служба ў арміі – і зноў калгас. Цягу і любоў да тэхнікі маладога механіазатара заўважыў тагачасны старшыня гаспадаркі Генрых Шкляневіч і параіў паступіць на вучобу ў Гарадоцкі сельгастэхніку. Але навучэнцам тэхнікума Станіслаў быў нядоўга. Як сам жартуе, «каханне заела». Справа ў тым, што ў роднай вёсцы засталася яго каханая Альдона, і ён замест заняткаў часцей наведваўся даму. Адлічылі праз два месяцы. Але праз год маладога камуніста на вучобу ва ўзгаданую ўстанову накіравана партыйная арганізацыя з наказам без дыплома не вяртаецца. Так яно і адбылося.
На маё пытанне, які перыяд у яго рабоце быў самы складаны, Станіслаў Іосіфавіч, не задумваючыся, адказаў:
— Паўгода пасля аб’яднання калгасаў імя Суворава і імя Калініна. Справа ў тым, што «сувораўцы» лічылі «калінінцаў» адстаючымі, апошнія ж успрымалі аб’яднанне як знявагу іх здольнасцей. Бывала, раніцай прыеду на мехдвор у Оплісу, механізатары «глядзяць ваўкамі» быццам бы я захопнік які. Давялося патраціць нямала сіл і нерваў, каб людзі зразумелі, што аб’яднанне праведзена ў іх жа інтарэсах. Урэшце абодва аддзяленні зліліся ў адзін, так бы мовіць, адладжаны механізм.
Затое, успамінае галоўны інжынер, аб’яднанне «Плісавіцы» з «Друйскім» было ўспрынята зусім па-іншаму. Людзі разумелі, што «Плісавіца» настолькі тэхнічна абнішчала, што пройдзе год–другі, і не будзе чым ні араць, ні сеяць.
Аддаваць усяго сябе рабоце яму дапамагае надзейны сямейны тыл.
— Я ў хаце госць, — кажа Станіслаў Іосіфавіч. — На працы ад цямна да цямна, рэдка бываюць выхадныя. Клопаты па гаспадарцы, выхаванне дзяцей усё жыццё ляжыць на плячах маёй Альдоны. І з гэтым яна спраўлялася і спраўляецца, ніколі між тым не папракнула мяне. Мы выгадавалі двух сыноў і дачку, якія працуюць у нашай гаспадарцы. Лічу, што і гэта яе заслуга.
Я ж у адказнасці за тых людзей, у першую чаргу механізатараў, якія прыходзяць раніцай на работу, каб зарабіць на жыццё. Таму не маю маральнага права дапусціць, каб чалавек не выехаў з мехдвара з-за таго, што я не забяспечыў яго неабходнай запчасткай. Таму і імкнуся рабіць сваю справу так, каб было не сорамна глядзець людзям у вочы.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.