На яго плячах — канвеер

Люди

IMG_6253 (Small)Слесар – рамонтнік. Нярэдка назва гэтай прафесіі ўспамінаецца ў іранічным кантэксце. “Не будзеш вучыцца, пойдзеш у слесары”, — часта гавораць сваім сынам маці. “Выказваешся як слесар”, — можна пачуць ад гламурных дзяўчат. Але часта многія з нас проста не ўсведамляюць, што мы залежым ад прадстаўнікоў гэтай прафесіі намнога больш, чым яны ад нас. Ужо не кажучы пра вытворчасць. Менавіта там можна апісаць работу слесара – рамонтніка прымаўкай, калі сямёра аднаго чакаюць. І сапраўды ў выніку паломкі ўся вытворчасць стаіць і чакае, калі гэты спецыяліст адрамантуе, наладзіць і запусціць працэс. Без яго, гэтага маленькага вінціка, не будзе працаваць увесь вялікі механізм прадпрыемства.
Вось і ў дзень, калі я завітала на філіял Глыбоцкага МКК “Браслаўрыба”, каб пазнаёміцца бліжэй з прадстаўніком гэтай прафесіі Дзмітрыем Марозавым (на здымку), у час нашай размовы да яго падбегла адна з работніц, бо адзін з механізмаў на лініі даў збой. І Дзмітрый адразу накіраваўся правяраць, што здарылася.
Яго цэняць і паважаюць у калектыве і як спецыяліста, і як калегу. Шмат цёплых слоў давялося пачуць у адрас маладога мужчыны і ад механіка прадпрыемства Яўгена Памялава, з якім яны працуюць у адной звязцы.
Дзмітрый праводзіць бягучы, сярэдні, а калі патрэбна, то і капітальны рамонт, а таксама праверку і рэгуліроўку рознага абсталявання, машын, агрэгатаў. Здараецца, што яго з Яўгенам тэрмінова выклікаюць у выпадку “ЧП”, калі яны адпачываюць пасля працоўнай змены, і ў выхадныя дні. Але гэтыя людзі вельмі адказныя і ніколі не шукалі прычыну, каб не з’явіцца па выкліку.
Дзмітрый з кожным годам, а працуе ён на прадпрыемстве з 2008 г., усё больш набіраецца вопыту, павышае сваю кваліфікацыю. Са слесара ІІІ разраду вырас да спецыяліста гэтай прафесіі V. А гэта гаворыць пра многае.
Як прызнаўся пры размове, не думаў і не гадаў, што будзе працаваць менавіта ў гэтай прафесіі. Нарадзіўся і да 8 гадоў жыў з сям’ёй у Латвіі. Мама родам з Беларусі і таму сям’я пераехала з цягам часу на яе радзіму ў Міёрскі раён. Там Дзмітрый закончыў школу і пайшоў вучыцца ў Відзаўскае ПТВ па спецыяльнасці механізатар сельскай гаспадаркі. Праўда, менавіта там атрымаў і першыя слясарныя навыкі, якія пазней вельмі згадзіліся.
Калі ажаніўся, пераехалі з жонкай у Браслаў. Гэты горад і стаў для мужчыны родным. Тут сям’я, падрастае дачушка Аліна, ёсць добрая работа. Словам, жыццё склалася ўдала.
Да прафесійнага свята і за шчырыя і добрасумленныя адносіны да працы Дзмітрый Марозаў узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.