Сапраўдны прыклад для іншых

Главное

IMG_3346 (Small)Вялікая колькасць прыемных, добразычлівых слоў, выказаных старшынёй Ахрэмавецкага сельвыканкама Дзіянай Тарун у адрас Лідзіі Бондаравай, падштурхнулі да сустрэчы з гэтай цікавай жанчынай.
Больш за 20 гадоў Лідзія Ігнацьеўна займае адказную пасаду, якая раней называлася сакратар сельсавета, а не так даўно набыла новае гучанне — кіраўнік спраў. А іх у мясцовай адміністрацыі сапраўды хапае з лішкам. Гэта і дакументацыя, і людскія запыты, і сустрэчы з жыхарамі вёсак. Да таго ж трэба заўсёды дакладна ведаць, што і дзе адбываецца на падведамаснай тэрыторыі.
— Сёння ў склад сельсавета ўваходзяць 39 населеных пунктаў, — без запінкі дае даведку Л. Бондарава, — у якіх пражываюць 2095 чалавек.
А гэта зусім нямала. Тым не менш жанчына памятае прозвішча, імя і імя па бацьку амаль кожнага. Ведае, як жывуць яе землякі, у якой дапамозе маюць патрэбу, якая ў іх гаспадарка, як упрыгожаны дворыкі.
Безумоўна, Лідзія Ігнацьеўна не марыла з дзяцінства пра такую прафесію. Па спецыяльнасці настаўніца фізікі і матэматыкі яна толькі год адпрацавала ў мясцовай школе. Скрупулёзнага, адказнага педагога заўважыла пасялковая адміністрацыя і запрасіла на работу ў сельвыканкам, бо надта спадабаліся яе акуратныя, граматныя справаздачы. З цягам часу гэтыя якасці дапамаглі Л. Бондаравай стаць юрыдычна падкаваным, пунктуальным, дасужым работнікам, які спраўна і ў тэрмін можа справіцца з любой пастаўленай задачай.
— Работа з дакументамі патрабуе дакладнасці, сканцэнтраванасці і ўвагі, — з запалам характарызуе члена сваёй каманды Дзіяна Феліксаўна, — і ўсё гэта ёсць у майго надзейнага памочніка і дарадцы — Лідзіі Ігнацьеўны. Нават па памяці яна дакладна скажа, на якой паліцы і пад якім нумарам стаіць папка з патрэбнымі дакументамі, без памылкі разбярэцца ва ўсіх юрыдычных тонкасцях справаводства. Яна сапраўдны прыклад для іншых.
У свой час асвоіла жанчына і камп’ютар, што, безумоўна, аблегчыла папяровую работу. І сёння ўсё дакументацыю і рэестр насельніцтва свабодна апрацоўвае ў электронным варыянце.
Але асноўнае — гэта праца з людзьмі. Дзверы ў кабінет практычна не зачыняюцца — штодзень па шматлікіх пытаннях ідуць да кіраўніка спраў сельсавета не толькі жыхары Ахрэмаўцаў, але і навакольных населеных пунктаў. А да мясцовай улады пытанняў заўжды многа. І ўсе яны неадкладныя, жыццёва важныя. Тым не менш Лідзія Ігнацьеўна кожнага ўважліва выслухае, унікне ў яго праблему і зробіць усё магчымае, каб справа вырашылася станоўча. Сваімі добрымі адносінамі заслужыла Л. Бондарава давер і павагу сярод вясковых людзей.
Але не толькі мясцовымі праблемамі і задачамі жыве супрацоўнік сельвыканкама. Жыва цікавіцца жанчына навінамі, падзеямі ў нашай краіне і замежных дзяржавах. Газеты, часопісы і тэлебачанне — неад’емная частка яе жыцця.
Да таго, Лідзія Ігнацьеўна — чулая жонка і маці, выдатная гаспадыня. А апошнім часам захапілася японскімі сканвордамі, падчас разгадвання якіх, як прызналася сама, адпачывае і заспакойваецца.
Толькі дзіву даешся, як гэтая жанчына ўсё паспявае, і як у адным чалавеку ўвасобілася столькі прыгожых добрых якасцей, грунтоўных ведаў і ўмення.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.