Смачны маршрут

Главное

eda19Прадстаўнікі кулінарных аб’ектаў Віцебшчыны ў лютым 2014 года прынялі ўдзел у Міжнароднай турыстычнай выставе “Balttour 2014” у Рызе. Віцябляне ўдзельнічалі ў шырокамаштабным мерапрыемстве ў рамках праекта “Паляпшэнне кулінарнага сэрвісу ў Латгальскім і Віцебскім рэгіёнах на аснове канцэпцыі кулінарнай спадчыны”. Стравы беларускай нацыянальнай кухні выклікалі сапраўдны ажыятаж у наведвальнікаў. З улікам удалага ўдзелу ў выставе ў Віцебскай вобласці была праведзена вясной серыя семінараў па развіцці гастранамічнага турызму. У выніку, як паведаміла БЕЛТА, з’явіўся міжнародны кулінарны маршрут, які зараз злучае Віцебскую вобласць і Латгалію. “Выдадзены адпаведныя турыстычныя карты, маршрут ужо апрабавалі прадстаўнікі турбізнесу, — расказала Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы”. — Стварэнне такога маршруту дасць турыстам магчымасць пакаштаваць унікальныя стравы”.
Працягваючы тэму ўключэння беларускіх гарадоў у трансгранічныя маршруты, старшыня праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы” адзначыла, што для нашай краіны надзвычай перспектыўным з’яўляецца развіццё веласіпедных сетак. Зараз распрацоўваецца маршрут EuroVelo-2, які, пачаўшыся ў Ірландыі, пройдзе праз Вялікабрытанію, Нідэрланды, Германію, Польшчу, Беларусь і Расію. Гэта дазволіць прыцягнуць да нас вялікую колькасць падарожнікаў.
Па лініі трансгранічных маршрутаў Беларусь часцей за ўсё наведваюць палякі, літоўцы, расіяне, немцы. Акрамя таго, Беларусь уключана ў камбінаваны тур для падарожнікаў з Новай Зеландыі. Як заўважыла Валерыя Кліцунова, іншаземцаў у беларускія аграсядзібы прыцягваюць самабытнасць, экалагічна чыстая ежа і гасціннасць. » Да прыкладу, калі ў адной беларускай вёсцы дэлегацыю польскіх экспертаў мясцовыя бабулі сустрэлі з песнямі, у нацыянальных касцюмах, у палякаў пацяклі слёзы, — расказала старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы». — У пяцізоркавым гатэлі вы не заплачаце, хіба толькі ад цаны «. Акрамя таго, ні ў Літве, ні ў Польшчы турыстам не прапануюць хатнія яйкі або мяса, бо там дзейнічаюць жорсткія абмежаванні Еўрасаюза. «А я ўсё ж такі аддам перавагу ў сядзібе чаму-небудзь вырашчанаму і прыгатаванаму тут», — дадала кіраўнік грамадскага аб’яднання.
З вялікім энтузіязмам ў рэдакцыі “Браслаўскай звязды” перачыталі спіс удзельнікаў трансгранічнага маршруту…і не знайшлі там нашага раёна. Латгальскі рэгіён прадстаўлены Аглонскім, Краслаўскім, Дагдскім, Рэзекненскім і Лудзенскім краямі, Віцебская вобласць — Полацкім, Лепельскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім і Міёрскім раёнамі. А дзе ж Браслаўскі раён, які апошнім часам пазіцыяніруецца як турыстычны? Няўжо няма ў нас смачных і арыгінальных страў, якія маглі б прывабіць іншаземцаў? Пэўна, ёсць, бо калісьці нават Андрэй Макарэвіч у “Смаку” захапляўся старадаўнімі рэцэптамі браслаўскіх гаспадынь. Мы звярнуліся да “Каталога аграэкасядзіб Браслаўскага раёна”, выбралі адвольна 10 гаспадароў, якія, згодна з данымі даведніка, забяспечваюць гасцей дамашнім харчаваннем, і спыталіся, ці прапануюць яны турыстам стравы беларускай нацыянальнай кухні. Вынікі апытання атрымаліся неадназначнымі: у 5 сядзібах проста прадастаўляюць кухні, забяспечаныя ўсім неабходным, а вось астатнія гаспадары маюць свае смачныя “фішкі”, здольныя дагадзіць самым патрабавальным гасцям. Так, у сядзібе “У Івана” абяцаюць навучыць наведвальнікаў вэндзіць рыбу, гаспадары “ВусцеLIFE” і “У Барысавіча” валодаюць рэцэптамі старашляхецкай кухні, адметна гатуюць ліноў і чай на лясных травах. Госці сядзібы “Арэхава” маюць магчымасць паспытаць славутыя клёцкі, калдуны, а кухня “Хутара Ёдзішкі” ўвогуле здзіўляе багатым выбарам страў, прычым прыгатаваных выключна з экалагічна чыстых дамашніх прадуктаў. Шырока прадстаўлена нацыянальная кухня і ў сядзібе “На ўзлеску”. Яе гаспадыня Кацярына Шакель мае печ і частуе сваіх гасцей непоўторнымі па смаку беларускімі стравамі, цікавіцца “хлебнай” тэмай і шукае па вёсках адметныя мясцовыя рэцэпты. Кацярына — адна з тых нямногіх, хто чуў пра трансгранічны кулінарны маршрут. Яна нават удзельнічала ў 3-х семінарах па развіцці гастранамічнага турызму. “Мы нічым не горшыя за іншых і многа чаго можам прапанаваць замежным турыстам, — кажа Кацярына. — Чаму Браслаўскі раён застаўся па-за межамі праекта?” Гэтае пытанне рэдакцыя адрасуе зацікаўленым асобам.

Матэрыял да друку
падрыхтавала
Жанна Бялько.