Святлафоры: за і супраць

Главное

_MG_5071 (Small)Паўгода назад некаторыя скрыжаванні ў Браславе сталі рэгулюемымі – на іх з’явіліся святлафоры. І хоць тэрмін гэта не надта вялікі, тыя не тыя высновы ўжо можна рабіць. Тым больш, што ў мінулым лета – самы напружаны ў плане дарожнага руху перыяд года.

Неабходнасць абсталявання нашых вуліц святлафорамі была прадыктавана цяжкасцямі ў праездзе пэўных скрыжаванняў ў гадзіны пік. Асабліва востра праблему адчувалі тыя, хто з прычыны інтэнсіўнага транспартнага патоку доўга не мог выехаць з другаснай дарогі. У сакавіку ж бягучага года ўсё змянілася. Ці ў лепшы бок, сказаць цяжка, бо цяпер чакаць сталі вадзіцелі, якія рухаліся па галоўнай. Прычым часта чырвонае святло не дазваляе ехаць па пустой дарозе, як адбываецца ў гадзіны найменшай інтэнсіўнасці руху.

Вось, што на гэты конт гавораць браслаўскія аўтаўладальнікі. Святлана: “Лепш раніцай пастаяць 30 секунд на святлафоры, чым 5 мінут чакаць, пакуль ачысціцца галоўная дарога”; Віталь: “Дрэнна, калі  не паспяваеш і стаяць даводзіцца два “чырвоных” запар – хуткасць перамяшчэння па горадзе падае ў разы”; Людміла: “Святлафоры патрэбны толькі раніцай і ўвечары”; Генрых: “Істотнай розніцы я не заўважыў, а ўвогуле лічу, што калі і трэба крыху пачакаць, то нічога страшнага не здарыцца”; Валерый: “Па рабоце езджу многа і ўжо прывык выбіраць маршруты ў аб’езд святлафораў”.

“Сапраўды, агучаныя недахопы маюць месца,” – згаджаецца галоўны дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС Уладзімір Лапко. – “Днём бываюць замінкі, што называецца, на пустым месцы, але ў гадзіны пік скрыжаванні разгружаюцца вельмі эфектыўна.” Аналіз сітуацыі паказаў, што ў работу святлафораў трэба ўносіць карэктывы. Хутка ўстройствы перапраграміруюць дзеля большай зручнасці, бо практыка паказвае неабходнасць такога кроку. У сувязі з павялічэннем колькасці школьнікаў на дарогах плануецца змяніць рэжым работы на скрыжаванні ля рэстарана “Азёрны”. Змяненні таксама закрануць арганізацыю руху на скрыжаванні ля магазіна “Родны кут” – там плануецца адмовіцца ад адначасовых раз’ездаў аўтамабіляў з боку вуліц Юбілейная і Садовая, бо цяпер існуе праблема з паваротам налева.

Дарэчы, у АДАІ паведамілі, што за парушэнні патрабаванняў сігналаў святлафораў за паўгода да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 27 вадзіцеляў і 12 пешаходаў.

Як бы там ні было, але большасць браслаўчан, у тым ліку і вадзіцелі, і пешаходы, у сваіх водгуках кажуць, што з увядзеннем святлафорнага рэгулявання стала лепш. Безумоўна, ёсць скептыкі, якія выказваюць адваротны пункт гледжання, а многія ўвогуле асаблівай розніцы “да” і “пасля” новаўвядзення не заўважылі.

Сапраўды, можна па-рознаму ставіцца да пытання. Прычым не выключаю, што адзін і той жа чалавек у розных сітуацыях мяркуе па-рознаму, займаючы то адзін, то другі бок у палеміцы. Аднак чаго не адняць у святлафораў, так гэта канкрэтыкі: чырвоны – стой, зялёны – едзь ці ідзі – усё проста. У той час калі простыя знакі дазвалялі вадзіцелю самому вырашаць: прапусціць ці “яшчэ паспею праскочыць”. Гэткае перакладанне адказнасці на электронны розум. Светлавыя ж сігналы бачна здалёк і можна загадзя рыхтавацца да тых ці іншых дзеянняў. І згадзіцеся, сам Браслаў, падсвечаны святлафорамі, папрыгажэў, стаў больш сучасным.

У той жа час нельга забываць, што каляровыя сігналы – частка Правілаў дарожнага руху, а іх, як вядома, трэба выконваць. Мець пры гэтым свой уласны пункт гледжання ніхто не забараняе.

Вячаслаў Каладынскі.

Фота аўтара.