Цяжка нават падлічыць усе разнастайныя праекты гімназіі, якія ажыццяўляюцца ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва. Безумоўна, у гэтым вялікая заслуга як адміністрацыі, так і педагогаў установы адукацыі. Дзякуючы іх актыўнай жыццёвай пазіцыі, навучэнцы маюць магчымасць значна пашырыць свой кругагляд і ўдасканаліць веды.
Вось і на мінулым тыдні гімназію наведалі амерыканскія педагогі Кэйці Субра і Клерам Фікан, якія ў рамках праграмы па абмене вопытам у галіне адукацыі і культуры Дзярждэпартамента ЗША ўжо год працуюць у Мінскім лінгвістычным універсітэце . Чатырохдзённы візіт калег з-за акіяна прайшоў вельмі цікава і насычана. Яны правялі шэраг тэматычных семінараў для настаўнікаў англійскай мовы нашага раёна, на якіх былі разгледжаны пытанні па інтэнсіўным навучанні англійскай мове, інтэрактыўнага ўзаемадзеяння ў класе, а таксама браслаўскія педагогі пазнаёміліся з новымі эфектыўнымі методыкамі навучання. Але, бадай, галоўнае, зацікаўленыя ў вывучэнні англійскай мовы гімназісты падчас бытавых зносін з амерыканскімі педагогамі мелі магчымасць “адшліфаваць” сваё вымаўленне, а з улікам маладога ўзросту замежных гасцей іх сустрэчы праходзілі ў сяброўскай атмасферы.
На працягу гэтых дзён для амерыканак арганізавалі цікавыя экскурсіі па Браславе і Полацку, пазнаёмілі з музеем традыцыйнай культуры, дзе госці ўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе лялькі з абрэзкаў тканіны. Шмат незабыўных уражанняў прынесла вандроўка на веласіпедах па наваколлі Слабодкі пад кіраўніцтвам гімназіста Канстанціна Архіпенкі.
Дзякуючы шчасліваму супадзенню, замежныя педагогі з задавальненнем прысутнічалі на раённым спартыўным мерапрыемстве “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, дзе прымала ўдзел сям’я з гімназіі, актыўна за яе балелі і адзначылі дух гімназічнага адзінства.
Застанецца ў памяці гасцей з Амерыкі і незвычайная ноч, праведзеная ў музеі.
У апошні дзень для старшых навучэнцаў гарадскіх школ, педагогаў у актавай зале гімназіі правялі трохгадзінны семінар па геаграфіі, музыцы і паэзіі ЗША. Амерыканскія педагогі адзначылі лепшых знаўцаў англійскай мовы і ўручылі ім невялікія сувеніры. Але самым нечаканым момантам для прысутных было пачуць беларускую песня “Касіў Ясь канюшыну” у выкананні замежных “артыстак”.
Алена Пятушка.