Пра тых, хто на пярэднім рубяжы

Государственная пограничная политика

IMG_2188 (Small)“Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”. Гэту фразу з кінастужкі “Афіцэры” ведае амаль кожны. Асобны сэнс яна мае для тых, хто звязаны з ваеннай службай, безумоўна, і для пагранічнікаў. Менавіта гэты людзі стаяць на першых метрах нашай зямлі, дзень і ноч не змыкаюць вачэй і абараняюць наш спакой. Сваё прафесійнае свята пагранічнікі адзначаюць сёння. У гэты дзень усе віншаванні і добрыя словы накіраваны менавіта ім, вайскоўцам у зялёных фуражках. А напярэдадні свята я вырашыла бліжэй пазнаёміцца з буднямі пагранічнікаў і накіравалася на самы сучасны ў раёне пагранічны пост “Урбаны”.
Прывабны сучасны будынак пагранічнага паста заўважаеш адразу, як толькі трапляеш у вёску. Самае ж цікавае пачынаецца за яго варотамі. Пагранічнікі ахвотна згадзіліся правесці невялікую экскурсію па тэрыторыі, а сапраўдным “гідам” стаў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і прафесійнай службовай падрыхтоўцы Павел Мацкевіч.
Акрамя адміністрацыйнага будынка, тут ёсць інтэрнат для ваеннаслужачых, пітомнік для сабак, гараж для транспарту, на пасту ўласны вадаправод і кацельная на мясцовых відах паліва. На тэрыторыі спартыўная пляцоўка, асобна — месца для трэніровак чатырохногіх сяброў. Не менш камфортна і ў самім будынку. Усё тут зроблена сучасна і па-еўрапейску. Трэба нагадаць чытачам, што новы пост адчыніў дзверы ў 2012 годзе, да гэтага з моманту свайго заснавання, а гэта 1994 год, ён быў у старым будынку.
З аднаго боку, служба на мяжы – гэта цікава, з другога – складана. У кожнага з тых, хто зараз служыць на “Урбанах” свая гісторыя таго, як ён трапіў у пагранічнікі. Так, мой суразмоўца Павел Мацкевіч родам з Смаргонскага раёна, скончыў пагранічны факультэт ваеннай акадэміі, а пасля размеркавання ў 2010 годзе трапіў на Браслаўшчыну, на “Урбаны”. Чаму ж так вабіць служба ў радах пагранічнікаў?
— Асабіста мяне, ды я думаю і ўсіх, хто служыў і служыць на мяжы, прываблівае пагранічная рамантыка, — дзеліцца Павел Вацлававіч. — Для кагосьці гэта незвычайна і складана: трывогі, змена абстаноўкі. Мы ж не пужаемся цяжкасцей. Да таго ж кожны дзень бачым вынік сваёй работы, адчуваем, што днём і ноччу нясём адказнасць за спакой краіны. Ёсць у адной ваеннай песні такія словы: “Нельга нам спаць, калі другія людзі спяць…” І гэта сапраўды пра нас.
Працягласць участка мяжы, якую ахоўваюць ваеннаслужачыя паста, невялікая, каля 15 км, але гэта адзін з самых складаных адрэзкаў у раёне. Амаль кожны дзень даводзіцца сутыкацца са спробамі нелегальнага правозу кантрабандных тавараў, незаконнымі перасячэннямі мяжы, іншымі здарэннямі. І такіх выпадкаў з кожным днём усё больш. Калі з 1 студзеня па 20 мая мінулага года былі затрыманы 4 парушальнікі мяжы, то за гэты ж перыяд 2014 г. ужо 9. Усяго ж за 2013 год затрыманы 18 парушальнікаў мяжы, выяўлены выпадак незаконнага правозу таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 37 млн. рублёў.
І ўсё ж асабліва шмат праблем дастаўляюць тыя, хто імкнецца на Захад у пошуках лепшых умоў для жыцця. Такіх выпадкаў на памяці Паўла Мацкевіча за 4 гады яго службы шмат. Вось адзін з апошніх: нядаўна вайскоўцам у зялёных фуражках давялося лавіць каля мяжы грамадзян Сірыі. І калі раней гэта былі ў асноўным дарослыя, то ў гэтым выпадку прайсці праз мяжу вырашылі 2 сям’і: 4 дарослыя і 3 дзяцей.
Увогуле ж па паказчыках затрымання пост “Урбаны” сярод лепшых. Пра гэта сведчаць і ўзнагароды. Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці ў 2011 годзе пост быў прызнаны самым рэзультатыўным у рэспубліцы (больш за ўсё затрыманняў парушальнікаў мяжы). Увогуле ж з 2008 года (за выключэннем 2011) пост кожны год прызнаваўся лепшым у Полацкім пагранатрадзе. У многім гэта заслуга і кіраўнікоў. Невыпадкова, што па выніках мінулага года начальнік паста “Урбаны” Юрый Новікаў прызнаны лепшым начальнікам, а Павел Мацкевіч самым рэзультатыўным пагранічнікам.
Аднак, як зазначыў мой суразмоўца, акрамя асноўнай службовай дзейнасці, пагранічнікі актыўна ўдзельнічаюць і ў грамадскім жыцці. Цеснае супрацоўніцтва наладжана з сельскім Саветам, школай, дзе працуе гурток “Юны сябар пагранічніка”, насельніцтвам, якое з’яўляецца першым памочнікам пагранічнікаў. Таксама вайскоўцы ў зялёных фуражках удзельнічаюць у раённых спартыўных і творчых спаборніцтвах.
За знешняй размеранасцю і цішынёй, якія здаюцца рамантыкай, хаваецца пастаяннае напружанне, гатоўнасць у любую хвіліну стаць на абарону Радзімы. На пасту ёсць рытуальная пляцоўка, на якой праходзіць цэрымонія атрымання загада на ахову дзяржаўнай мяжы, там жа напісаны такія словы:“Мяжа Радзімы – свяшчэнна і непарушна”. Для пагранічнікаў гэта больш чым проста словы, гэта напамін, што ў жару і холад, снег і дождж абавязак галоўней за ўсё.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.IMG_2194 (Small)