Па законах справядлівасці. Галоўнае з нарады Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі беларускай Феміды

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці сабраў вялікую нараду з судзейскім корпусам.

«Наша мерапрыемства анансавана як нарада з судзейскім корпусам. І яно першае пасля сур’ёзных пераўтварэнняў у судовай сістэме ў арганізацыйным, працэсуальным і кадравым планах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
На мерапрыемства запрошаны 250 чалавек: вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржаўных органаў, суддзі Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, Апеляцыйнага эканамічнага суда, абласных і Мінскага гарадскога суда, эканамічных судоў абласцей і горада Мінска, раённых і гарадскіх судоў.

Гаворачы пра склад удзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў іх асаблівы статус і высокі ўзровень адукацыі. «Гэта суперэліта нашай нацыі», — падкрэсліў ён.

У ліку тэм нарады — перспектывы развіцця канстытуцыйнага правасуддзя, актуальныя пытанні дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі, пытанні ўзаемадзеяння пракуратуры і судоў, роля эканамічнага правасуддзя ў абароне інтарэсаў дзяржавы і суб’ектаў гаспадарання, удасканаленне работы судоў з насельніцтвам.

Лукашэнка: удзел УНС у выбранні суддзяў у разы павышае іх адказнасць перад грамадствам«Любыя змяненні ў сістэме — гэта складаны працэс, які патрабуе пастаяннай увагі. І нам ёсць што абмеркаваць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я ўсведамляю, што ў гэтай зале знаходзяцца вельмі разумныя і адукаваныя людзі, суперэліта нашай нацыі».

Ён звярнуў увагу, што свае паўнамоцтвы па фарміраванні вышэйшых судоў ужо рэалізуе Усебеларускі народны сход: «Некаторыя з вас выбраны на яго папярэднім пасяджэнні».

Прэзідэнт адзначыў, што ўдзел прадстаўнічай галіны ўлады ў фарміраванні судовай сістэмы дае вельмі многае. «Як кажуць тэарэтыкі, пашырае межы сапраўднай дэмакратыі, устанаўлівае новыя формы ўзаемадзеяння галін улады, новыя варыянты стрымак, проціваг. Але сутнасць не толькі ў гэтым. Выбранне суддзяў сходам у разы павышае ступень вашай адказнасці перад грамадствам», — канстатаваў беларускі лідар.

Лукашэнка аб значнасці рашэнняў Канстытуцыйнага Суда: штучнасці і надуманасці быць не павіннаГаворачы аб значнасці работы суддзяў Канстытуцыйнага Суда, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго рашэнні не толькі ўплываюць на юрыдычную дактрыну, але і маюць практычныя наступствы. У першую чаргу яны ўплываюць на правапрымяненне.

«Штучнасці і надуманасці ў актах Канстытуцыйнага Суда, вядома, быць не павінна. Як і канкурэнцыі з Вярхоўным Судом і іншымі органамі. Вельмі прасіў бы вас аб гэтым», — сказаў беларускі лідар.
«Мы прынялі новую рэдакцыю Канстытуцыі, яе падтрымаў народ, і Канстытуцыйны Суд атрымаў шырокія паўнамоцтвы. Размова не толькі аб тлумачэнні Асноўнага Закона, праверцы канстытуцыйнасці правядзення выбараў, папярэднім кантролі міжнародных дагавораў. Мы выйшлі на новы ўзровень у абароне правоў і свабод грамадзян, увёўшы інстытут прамой канстытуцыйнай скаргі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што людзі звяртаюцца ў Канстытуцыйны Суд з рэальнымі, важнымі для іх праблемамі — жыллё, права ўласнасці, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці. «Значыць, гэты інстытут запатрабаваны ў насельніцтва. Па такіх справах вы фактычна ставіце кропку ў спрэчцы чалавека з законам. І тут на першы план выходзяць пытанні захавання грамадска-палітычнага і сацыяльнага балансу, — падкрэсліў ён. — Таму высокія і патрабаванні да вас. Калі кожны суддзя будзе адпавядаць такім запытам, то і вышэйшы канстытуцыйны орган не ператворыцца ў чарговую інстанцыю для перагляду судовых спраў».

Асобна Прэзідэнт выказаўся аб выкананні рашэнняў, заключэнняў Канстытуцыйнага Суда аб неадпаведнасці і іншых недапрацоўках законаў. «Іх разгляд з’яўляецца прамым абавязкам органаў, арганізацый і службовых асоб, каму яны адрасаваны Канстытуцыйным Судом. І не думаю, што ў гэтай частцы нам пакуль патрэбны нейкія жорсткія меры і асаблівы парадак. У нас працуючыя парламент, урад, існуе сістэма. У гэтым напрамку трэба працаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Канстытуцыйны Суд у новым статусе і складзе ўжо заняў дакладна замацаванае месца ў дзеючай сістэме ўлады. «Потым паглядзім, магчыма, нешта неабходна будзе падправіць і ў нашым заканадаўстве. Спяшацца не будзем», — адзначыў Прэзідэнт.

«Гэта не пра наш менталітэт». Лукашэнка нагадаў, што суддзі не могуць адгарадзіцца ад народа сцяной закону

«Я разумею, што незалежнасць суддзяў — гэта канстанта. Пры гэтым вы цалкам залежныя ад закону, абапіраецеся на яго і яму падпарадкоўваецеся, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ці могуць суддзі адгарадзіцца ад народа сцяной закону, прытрымліваючыся логікі крылатай лацінскай фразы «няхай загіне свет, але пераможа правасуддзе?» Не, гэта не наш шлях, гэта не пра наш менталітэт».

«Калі свет будзе развівацца па законах справядлівасці, думаю, ён ніколі не загіне. Суддзі як агульных, так і Канстытуцыйнага судоў, як ніхто іншы, павінны разумець сваю ролю ў гэтым кантэксце. Асабліва сёння, калі настолькі вялікі запыт на справядлівасць, сацыяльную абароненасць і бяспеку. Паглядзіце, што адбываецца вакол. Але нашы рэформы, якія закранаюць прававую сферу, адпавядаюць задачам, што ставіць час. Прынамсі, не дапусцілі таго глупства, якое сёння ў наяўнасці ў нашых суседзяў — у палякаў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка ўказаў суддзям на асаблівае значэнне прававой абароненасці прадпрыемстваў і дзяржавы ад санкцый«Важна помніць, што ў сучасных умовах асаблівае значэнне мае прававая абароненасць беларускіх суб’ектаў гаспадарання і дзяржавы ад наступстваў розных бандыцкіх санкцый. Інвестыцыйная прывабнасць — адзін з важнейшых прыярытэтаў развіцця любой краіны. Інвестары могуць разлічваць на надзейную судовую абарону сваіх інтарэсаў у Беларусі. Але пры адной умове: калі працуюць сумленна і не блытаюць эканоміку з палітыкай», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сур’ёзныя змяненні, якія адбыліся ў сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі. Пачаў работу Апеляцыйны эканамічны суд, рэалізуецца адзіны для сістэмы судоў Кодэкс грамадзянскага судаводства. «Прынятыя рашэнні былі ўзважанымі, прадуманымі. У прынцыпе, нейкіх істотных недапрацовак не відаць», — канстатаваў ён.

«Вы на перадавой у гэтай рабоце». Лукашэнка заклікае суддзяў удзяляць асаблівую ўвагу практыцы правапрымянення

«Трэба асаблівую ўвагу ўдзяляць практыцы правапрымянення. Вы на перадавой у гэтай рабоце, менавіта вы бачыце рэальныя прабелы, калізіі і нестыкоўкі ў прававых актах. І калі лічыце, што заканадаўства ў нечым несправядліва, супярэчліва або не адпавядае рэаліям, — ваш непасрэдны абавязак узняць пытанне аб яго змяненні або карэкціроўцы — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Можа, вы не ўсведамляеце да канца, але менавіта вы сур’ёзна ўплываеце не толькі на ўсе элементы прававой сістэмы (пракурораў, следчых, адвакатаў, юрыстаў-практыкаў), але і на органы выканаўчай улады».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на рашэнні судоў абапіраюцца работнікі падатковых органаў, эканамісты, аграрыі, усе сектары эканомікі і сацыяльнай сферы. «На вашых рашэннях грунтуецца ўся правапрымяняльная практыка. Таму сумежнікі, асабліва праваахоўны блок, чакаюць ад вас актывізацыі работы Пленума, абнаўлення яго пастаноў. Яны адзначаюць, што па шэрагу складаных пытанняў наогул няма тлумачэнняў. Атрымліваецца, што кожны прымяняе закон так, як разумее. Такога быць не павінна. Тут нам трэба падумаць аб стыкоўцы вашай работы з Канстытуцыйным Судом», — канстатаваў беларускі лідар.


Лукашэнка звярнуў увагу на рэгіянальныя перакосы пры назначэнні пакаранняў судамі«Як дакладвае Генеральная пракуратура, на практыцы ўзнікаюць сур’ёзныя рэгіянальныя перакосы пры назначэнні пакаранняў. Пры аднароднай структуры злачыннасці суды назначаюць занадта розныя пакаранні. Выходзіць, камусьці пашанцуе быць пакараным там, дзе судовая практыка мякчэй, і наадварот? Ёсць над чым падумаць нашым законатворцам», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка: судовыя рашэнні не павінны дабіваць прадпрыемствы з цяжкай эканамічнай сітуацыяй

«Як Прэзідэнт акцэнтую вашу ўвагу на прадпрыемствах, якія трапілі ў цяжкую эканамічную сітуацыю. Судовае рашэнне не павінна іх дабіваць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады. — Лёсы працоўных калектываў, людзей, іх сем’яў — таксама ваша адказнасць. І я вельмі прашу вас мець тут цесны кантакт і нават запускаць часцей за ўсё наперад выканаўчыя органы ўлады на месцах, каб вы разам з імі адказвалі за работу рэальнага сектара эканомікі. Мы ўсе непасрэдна або ўскосна за яе адказваем».

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сур’ёзныя змяненні, якія адбыліся ў сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі. Пачаў работу Апеляцыйны эканамічны суд, рэалізуецца адзіны для сістэмы судоў Кодэкс грамадзянскага судаводства. «Прынятыя рашэнні былі ўзважанымі, прадуманымі, і, у прынцыпе, нейкіх істотных недапрацовак не відаць», — канстатаваў ён.

Лукашэнка паабяцаў «сур’ёзна паглядзець на работу судовых выканаўцаў»

«Каб лічыць правасуддзе адбыўшымся, прынятае рашэнне павінна быць абавязкова выканана. Чаго гэта ні каштавала б. І тут ужо зона адказнасці не толькі суда. Гэта пытанне таксама судовых выканаўцаў. На іх работу трэба яшчэ раз сур’ёзна паглядзець», — сказаў беларускі лідар.

Як адзначае Вярхоўны Суд, кожную трэцюю скаргу на судовых выканаўцаў суд прызнае абгрунтаванай. «Калі вы абазначылі праблему — прапаноўвайце варыянты яе вырашэння», — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка не выключыў недапрацоўкі па гэтай тэматыцы з боку Міністэрства юстыцыі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо даваў даручэнне па сістэме органаў прымусовага выканання. У пачатку наступнага года будзе падрыхтавана справаздача па адпаведнай тэматыцы. Прэзідэнт прапанаваў Вярхоўнаму Суду падключыцца да гэтага пытання.

Лукашэнка падкрэсліў важнасць якасці правасуддзя: суддзя не «штампоўшчык» працэсуальных дакументаў

«Галоўны прынцып работы суда — устанаўленне ісціны і абарона парушаных правоў. За кожным вашым рашэннем — лёс чалавека», — заявіў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што, паводле даных Вярхоўнага Суда, 86% грамадзянскіх спраў вырашаецца на стадыі папярэдняга разгляду або ў першым пасяджэнні. «Нібыта нядрэнны паказчык, — сказаў Прэзідэнт. — Але ёсць і іншыя лічбы. Вярхоўны Суд задавальняе практычна палову скаргаў грамадзян, згаджаючыся з іх довадамі. Чаму да іх аргументаў не прыслухаліся ніжэйстаячыя суды? Гэта іх недапрацоўка або новыя павевы ў рабоце Вярхоўнага Суда (да 2026 года, для параўнання, паказчык складаў 10-12%)?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.
«Сёння ў судоў няма пікавых нагрузак. Значыць, скарыстоўвайце вольны час і прадметна падумайце аб якасці правасуддзя», — арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Статыстыка аператыўнасці разгляду спраў не павінна стаць самамэтай. Гэта інструмент аналізу. Фармальны падыход губіць сутнасць права. Суддзя не «штампоўшчык» працэсуальных дакументаў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ва ўмовах каласальнага развіцця дзяржавы, тэхналогій, прававой граматнасці прыярытэтам правасуддзя павінна стаць яго інтэлектуальнасць, упэўнены кіраўнік дзяржавы. «Давер грамадства заслугоўвае менавіта думаючы суддзя. Той, хто ў сутнасці спрэчкі здольны ўбачыць жыццёвую сітуацыю і не пабаіцца прыняць нестандартнае рашэнне. Пры гэтым справядлівае, лагічнае і пераканаўчае. І, зразумела, законнае. Адсюль і павышаныя патрабаванні да суддзяў», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні ў якім разе ў рабоце суддзяў не павінна быць бюракратыі або «чыстапісання».

Пры гэтым Прэзідэнт перасцярог старшынь вышэйшых судоў ад жадання прапаноўваць для прыняцця рашэнняў кіраўніком дзяржавы зручных суддзяў або спрабаваць пазбавіцца ад нязручных. «Такой практыкі я не прымаю», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка і папрасіў сваіх памочнікаў, якія кантралююць гэту сферу, звярнуць асаблівую ўвагу на гэта пытанне.

«Нязменна адно — судзейскі корпус фарміруецца па прынцыпе высокага прафесіяналізму і з улікам заслуг. Суддзя каштоўны сваім меркаваннем, якое абапіраецца на закон і справядлівасць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка: трэба цяпер працаваць над тым, каб судовая сістэма была як ніколі адзіная

«Уся краіна сёння тэсціруе і настройвае алгарытмы ваеннага часу. Вучым, правяраем ваенных, сілавікоў, тэрытарыяльную абарону, апалчэнне. Яшчэ раз паўтаруся: ніхто не хоча вайны, але мы абавязаны быць гатовы да любога развіцця падзей. Нас да гэтага вымушаюць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў свой час у Беларусі былі ліквідаваны ваенныя суды і пракуратуры, паколькі іх палічылі лішнімі для мірнага часу.
Цяпер пераважна прадстаўнікі сілавога блока ўзнімаюць пытанні работы судоў у асаблівы перыяд. На іх думку, яны не павінны заставацца ў баку ад той агульнай падрыхтоўкі, якая вядзецца па ўсёй краіне.
Аднак Аляксандр Лукашэнка лічыць такія пытанні ў пэўнай ступені надуманымі. «Што за асаблівы перыяд? Асаблівы перыяд — калі раптам вайна. Ну, мы разбяромся (калі ўзнікне такая неабходнасць. — Заўвага БЕЛТА). Але мы цяпер павінны працаваць, каб наша сістэма ў гэты асаблівы перыяд працавала, як гадзіннік, і была як ніколі адзіная. Паверце, я адчуваю, што адзінства гэтай сістэмы будзе забяспечана ўсімі органамі ўлады і перш за ўсё Прэзідэнтам», — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сказанае ім датычыцца ў тым ліку старшыні Вярхоўнага Суда і генеральнага пракурора.