Шклоўскі раён не ў ідэальным стане, але ён можа служыць узорам для раёнаў сярэдняга ўзроўню і ніжэй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на рабочай нарадзе, якая завяршае семінар аб сучасных падыходах да рэгіянальнага развіцця на прыкладзе Шклоўскага раёна.
На семінар-нараду запрошаны кіраўнікі ўсіх 118 раёнаў Беларусі, каб пераймаць вопыт, дзяліцца ўласнымі практычнымі напрацоўкамі. «Галоўнае ў тым, каб вы, убачыўшы, зрабілі гэта ў сябе», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў мерапрыемства.

Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на прыродных рэсурсах краіны: «Галоўнае, чым заўсёды будзе займацца Беларусь, — гэта лесаперапрацоўка, дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы і сельская гаспадарка. Гэта два напрамкі, ад чаго ніколі не адмовяцца ў Беларусі». І ў Шклоўскім раёне якраз ёсць прадпрыемствы, якія працуюць менавіта ў гэтых сферах.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на кіраўнікоў у рэгіёнах ускладзена каласальная адказнасць, паколькі менавіта эканамічна моцныя рэгіёны з’яўляюцца адным з ключавых прыярытэтаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, прынятай на Усебеларускім народным сходзе. Прэзідэнт нагадаў, што раней у краіне былі вызначаны апорныя населеныя пункты — паўтары тысячы аграгарадкоў, якія неабходна развіваць, каб там жылі людзі.
Прэзідэнт канстатаваў, што за апошнія дзесяцігоддзі шмат сельскага насельніцтва пераехала ў гарады. «Людзей з вёскі забралі — трэба дапамагаць. Не трэба адыходзіць ад шэфскай дапамогі. Або перадаваць ва ўласнасць, як філіялы (размова пра перадачу гаспадарак у распараджэнне прампрадпрыемстваў. — Заўвага БЕЛТА). Але ў гэтых адносінах рухацца. Гэта добры варыянт», — дадаў ён.
