У выставачнай зале музея традыцыйнай культуры адкрылася экспазіцыя, якую, без перабольшання, чакалі. Выстава «Браслаўская палітра» аб’яднала творчасць мастакоў народнай студыі «Ля возера».
Кожная выстава ўдзельнікаў студыі – гэта цэлая падзея ў творчым асяроддзі Браслава. Да яе рыхтуюцца, яе чакаюць, а падчас адкрыцця мастакі гутараць паміж сабой, дзеляцца ўражаннямі, вопытам. А 2026 г. у цэлым юбілейны для студыі: ёй споўнілася 40 гадоў з дня адкрыцця!
Наведвальнікі з цікавасцю разглядвалі карціны Мікалая Стаса, Аліны Трукан, Чэслава Жусяля і Юліі Шылай. Прыемным адкрыццём стаў дэбют на браслаўскай зямлі двух новых майстроў, дарэчы, нашых землякоў, – Марыі Лосевай і Уладзіслава Жука.
Марыя падрыхтавала для выставы свае абразы. Гэтаму майстэрству яна вучылася ў іканапіснай школе Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску і ўжо больш за шэсць гадоў займаецца высакароднай справай. Яе працы выклікалі ажыўленне і непадробную цікавасць. Уладзіслаў – малады спецыяліст музея традыцыйнай культуры, скончыў ВДУ імя П. М. Машэрава, яго жывапіс уражвае глыбінёй і бачаннем сюжэту. І, мяркуючы па тым, як наведвальнікі падоўгу затрымліваліся ля яго карцін, творы знайшлі водгук у іх сэрцах.
Экспазіцыя атрымалася шматгранная: тут суседнічаюць класічныя пейзажы, што расказваюць пра непаўторную прыгажосць азёр, і філасофскія нацюрморты, у якіх кожны прадмет набывае асаблівы сэнс. Студыя «Ля возера» чарговы раз даказала, што з’яўляецца сапраўдным творчым цэнтрам прыцягнення, дзе беражліва захоўваюцца традыцыі і адначасова нараджаюцца новыя мастацкія праекты.
На ўрачыстым адкрыцці выставы гучала шмат цёплых слоў у адрас мастакоў, а госці адзначалі, што за дзесяцігоддзі калектыў стаў сапраўднай сям’ёй, аб’яднанай любоўю да роднага краю і мастацтва. Падчас мерапрыемства наведвальнікі не проста разглядвалі карціны, а вялі гутаркі, спрабуючы разгадаць задуму мастакоў і адчуць настрой, перададзены на палотнах.
Арганізатары запрашаюць усіх жадаючых наведаць экспазіцыю ў бліжэйшыя тыдні, каб асабіста дакрануцца да свету прыгожага і ўбачыць знаёмыя месцы вачыма мастакоў. ■
Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.
