У Браслаўскім раёне прайшла акцыя «Дэсант клопату»

Новости
У рамках праекта «У аб’ектыве – вёска» сектар па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва РЦК пабываў у населеных пунктах Вусце і Мілашкі.

У гэтых вёсках жывуць людзі з няпростым лёсам: маці і сын (інваліды 1 групы) Аліна і Сяргей Адамовічы і былая непаўналетняя вязніца фашысцкіх канцлагераў Зоя Бабуль. «У нас узнікла ідэя правесці незвычайную працоўную акцыю і дапамагчы па гаспадарцы гэтым людзям. З такой мэтай аб’ядналіся адразу некалькі службаў і арганізацый: прадстаўнік Далёкаўскага сельскага Савета, Богінскага сельскага клуба, спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, а таксама юныя валанцёры – навучэнцы Браслаўскай сярэдняй школы № 1 імя А. М. Жданава», – расказала загадчык сектара Валянціна Пінаева.


Літаральна на наступны дзень у рэдакцыю звярнулася Зоя Бабуль, якая прасіла на старонках газеты выказаць вялікую падзяку ўсім удзельнікам мерапрыемства за дапамогу і песні ад усяго сэрца. «Было вельмі прыемна. Да нас завіталі госці з жаданнем дапамагчы. А яшчэ яны падарылі нам канцэрт. Вялікі дзякуй!» – адзначыла яна.


Сумеснымі намаганнямі ўдзельнікі акцыі «Дэсант клопату» зрабілі вялікую працу: абкасілі пажухлую траву ў дварах, акуратна склалі дровы і сабралі ўраджай яблыкаў. Але на гэтым сюрпрызы не скончыліся. Пасля дружнай і зладжанай работы вяскоўцаў чакала сапраўднае свята – душэўныя музычныя нумары, падрыхтаваныя культработнікамі. Гаспадароў дамоў такі момант крануў да глыбіні душы. У іх вачах блішчалі слёзы падзякі не толькі за рэальную дапамогу на ўчастку, але і за самае галоўнае – увагу, шчырыя зносіны і цеплыню сэрцаў. ■

Алена НАБЕЕВА.