Электрыфікацыя школы і юбілей зверафермы. Пра што пісала «Браслаўская звязда» 60 гадоў таму назад

Отдых

У КАЛГАСЕ ІМЯ МІЧУРЫНА

– Ужо даўно ў гаспадарцы займаюцца развядзеннем пчол. Цяпер тут 22 вуллі. Пасека ўжо сёлета дала 10 пудоў мёду, хутка пачнуць другую выкачку.

– Прафсаюзная арганізацыя праяўляе вялікія клопаты пра адпачынак сельскіх працаўнікоў. Так, нядаўна 2 механізатары адпачывалі і папраўлялі здароўе ў Сочы і Гаграх.

ЭЛЕКТРЫФІКАВАНА ШКОЛА

Добрую ініцыятыву праявіў калектыў саўгаса «Камунар»: рабочыя сваімі сіламі электрыфікавалі Навінкаўскую пачатковую школу. Лямпачкі Ільіча гараць сёлета ва ўсіх адзінаццаці школах сельсавета.

ДОБРАЯ ПАСЛУГА

У вёсцы Гірэйшы, цэнтры саўгаса «Відзаўскі», ёсць майстэрня КБА з кравецкім і шавецкім цэхамі. А па аўторках у яе прыходзяць кліенты, якія прыносяць у рамонт…гадзіннікі. Сюды прыязджае майстар, і яму не прыходзіцца сядзець без справы. Яшчэ б! Цяпер з сапсаваным гадзіннікам не трэба ехаць у Відзы ці Браслаў.

10 ГАДОЎ КАЛГАСНАЙ ЗВЕРАФЕРМЕ

У калгасе «Дружба» 10 гадоў таму была створана зверагадоўчая ферма. Тады на ёй працаваў адзін чалавек. З кожным годам яна пашыралася, павялічвалася пагалоўе чорна-бурых лісіц, потым завезлі і пясцоў. За час існавання ферма прынесла ў калгасную касу каля 400 тыс. рублёў. Цяпер тут знаходзяцца 553 лісіцы і 474 пясцы.

ДАРЫ АЗЁР – НА СТОЛ

У жніўні рыбакі калгасаў «Слава», імя Чапаева, «Камунар», імя Чарняхоўскага і інш., а таксама брыгады дзяржлову штодзённа выязджалі на промысел. За месяц яны адправілі на перапрацоўку каля 300 цэнтнераў рыбы. Добра папрацаваў і калектыў кансервавага цэха рыбзавода, які адправіў спажыўцам 65 тыс. бляшанак розных рыбных кансерваў.

ПАСЛЯ СЛОЎ – СПРАВЫ

Опса – буйны населены пункт. Тут ёсць шэраг цэхаў райпрамкамбіната, сельская бальніца, сельпо, сярэдняя школа і школа-інтэрнат. Як жа ідуць справы з задавальненнем попыту вясковых пакупнікоў, разглядалі на пасяджэнні выканкама сельсавета. Прыняты меры па лепшым забеспячэнні мясцовых жыхароў таварамі, зменены распарадак работы магазінаў. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.