Браслаўская школа касцёльнага спеву адзначыла 10-гадовы юбілей

Новости
Спевы і музыка ў касцёле, прыгажосць якіх спалучае гармонію ды пабожнасць, з’яўляюцца важнай часткай імшы, набліжаючы людзей да Бога. Між тым музычнае служэнне падчас літургіі патрабуе ад выканаўцаў пэўных навыкаў. Іх удасканаленню і спрыяе школа касцёльнага спеву пры парафіі Нараджэння Маці Божай і санктуарыі ў Браславе, якая прымяркоўвае сваю дзейнасць да штогадовых урачыстасцей у гонар Валадаркі азёр. Сёлетняя творчая сустрэча выдалася юбілейная – дзясятая, і мы пацікавіліся яе асноўнымі момантамі.

Варта адзначыць, што традыцыя харавога спеву ў браслаўскім касцёле налічвае шмат дзесяцігоддзяў. Тут не толькі ўдзяляюць увагу творчаму майстэрству падчас набажэнства, але і гатовы падзяліцца набыткамі.

– Людзі, якія выконваюць музычнае служэнне ў храмах або з’яўляюцца кіраўнікамі літургічнага спеву, павінны быць адукаванымі, – пераканана Іна Сапун, арганістка мясцовай парафіі, кіраўнік хору санктуарыя і ініцыятар заснавання школы касцёльнага спеву. – Гэтай мэце адпавядаюць сустрэчы, дзе ідзе размова, як трэба спяваць, працаваць з людзьмі, якія спевы ў касцёле можна выконваць, а якія – не. Час ідзе, на змену дасведчаным арганістам прыходзяць маладыя людзі, і трэба, каб яны вучыліся. Мы вырашылі, што ў нас ёсць умовы для гэтага і пры нашай парафіі можна сабрацца. Тым больш што браслаўчане вельмі гасцінныя, адкрытыя і шчырыя, прымаюць навучэнцаў у сваіх дамах, аказваючы нам вялікую падтрымку. У выніку самі яны маюць магчымасць слухаць прыгожыя спевы і арганную музыку. Паспрабавалі адзін год, другі – і справа пачала развівацца, людзі даведаліся пра такую магчымасць.



Дзякуючы вопытным педагогам Іне Сапун, Уладзіміру Неўдаху і Таццяне Брытко (у цэнтры) навучэнцы ўдасканалілі сваё майстэрства.


Удзельнікі школы – кіраўнікі і спевакі хароў з розных парафій Беларусі. Сёлета яны прыехалі з Мінска, Заслаўя, Віцебска, Гомеля, Маладзечна, Даўгінава, Шчучына, Васілішак. Дарэчы, на сённяшні дзень трапіць сюды могуць нават не ўсе ахвотнікі: перавага аддаецца тым, хто ў дадатак да спеваў мае намер навучыцца іграць на аргане.

Займаліся з жадаючымі ўдасканаліць сваё майстэрства спрактыкаваныя касцёльныя музыканты: мастацкі кіраўнік праекта Уладзімір Неўдах, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, галоўны арганіст і капельмайстар мінскага архікатэдральнага касцёла; Таццяна Брытко, хармайстар архікатэдральнага хору, і браслаўчанка Іна Сапун. Нюансы пастаноўкі голасу, важныя моманты тэорыі і практыкі касцёльнага спеву, заняткі па арганнай музыцы і вакале, рэпетыцыі – час з панядзелка да суботы быў надзвычай насычаны, падчас жа святочных урачыстасцей у складзе зводнага хору навучэнцы праслаўлялі Маці Божую, і вернікі чулі вынік іх тыднёвай працы.



НАТАЛЛЯ, г. Гомель:

– Я спяваю ў касцёльным хоры. У нас маладая парафія, храм яшчэ будуецца, пакуль дзейнічае каплічка. Мяне вельмі цікавіць арган, і я прыехала вучыцца, хоць сама музыкант па адукацыі і нядрэнна валодаю піяніна. Аднак ігра на аргане мае значныя адрозненні.

Гэта мой трэці прыезд у браслаўскую школу. Спачатку былі нясмелыя спробы, а цяпер разумею, што ўжо ёсць прагрэс, заняткі былі карысныя. Галоўнае – тут працую з вялікай ахвотай. Я прыемна ўражана выдатнай арганізацыяй: усё робіцца і з разуменнем, і душэўна. Асобна хачу адзначыць высокі прафесійны ўзровень нашых педагогаў.

Пакідаю Браслаў з пачуццём вялізнага задавальнення, супакаення, бо тут атрымала не толькі веды, якія спатрэбяцца мне ў дзейнасці, а і цеплыню зносін.


– У гэтым годзе праца школы супала са значнай падзеяй – выпускам новага каталіцкага спеўніка «Божа, мы Цябе ўслаўляем». У ім падаюцца апрацаваныя тэксты і адпаведныя ноты, сабраныя ў парафіях, – расказвае І. Сапун. – Ёсць у ім і ўклад браслаўчан: у нас шмат песень да Маці Божай. Напрыклад, часта выконваем спеў-малітву «Мы ідзём да Цябе, Твае дзеці» (тэкст мясцовай паэтэсы Тэрэзы Крумплеўскай, музыка Уладзіміра Неўдаха). Новае выданне стане добрым памочнікам у справе духоўнага ўзрастання. А ўвогуле мы шчаслівыя, што дапамагаем людзям у малітве, вядзём такім чынам да Бога, яднаем іх з нябёсамі і з апякункай нашай Браслаўшчыны – Валадаркай азёр. ■

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.