Штогод у нашай краіне ў першыя выхадныя восені адзначаецца свята, якое набыло агульнанацыянальны статус і стала значнай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі, традыцыйна збіраючы пісьменнікаў, вучоных, аматараў кнігі і ўсіх, хто шануе роднае слова. Сёлета XXXIII Дзень беларускага пісьменства пройдзе 5 – 6 верасня ў г. Касцюковічы Магілёўскай вобласці.
Галоўныя тэмы свята датычацца 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Года беларускай жанчыны, юбілеяў класікаў беларускай літаратуры, пяцігодкі якасці.
У насычанай і разнастайнай праграме, што чакае гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства, шмат культурных і дзелавых мерапрыемстваў. Сярод цікавых лакацый – павільён рэдкай кнігі, дзе плануецца сабраць унікальныя выданні з усёй краіны (рэдкія старадрукі, факсіміле, мініяцюрныя кнігі і г. д.); «кабінет пісьменніка», у якім будуць прадстаўлены рукапісы, асабістыя рэчы, рэдкія фатаграфіі і архіўныя дакументы літаратараў; тэматычная інтэрактыўная прэзентацыя «Ад берасцяной граматы – да сучасных рэалій», што прадэманструе асноўныя гістарычныя вехі развіцця кнігадрукавання на Магілёўшчыне; унікальная экспазіцыя «Пісьмянкоў луг» – фестываль паэзіі і аўтарскай песні. Адным з яркіх момантаў свята стане адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Алесь і Алеся», натхнёнай вершам Аркадзя Куляшова.
Таксама запланаваны ўзнагароджанні пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя, фестываль кнігі і прэсы, дзе прадставяць лепшыя ўзоры сучаснага беларускага кнігавыдання, культурнага патэнцыялу ўсіх абласцей і Мінска, пройдуць сустрэчы з майстрамі слова.
Касцюкоўшчына лічыцца самым літаратурным рэгіёнам Магілёўскай вобласці: гэта радзіма многіх вядомых пісьменнікаў і паэтаў, такіх як Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Васіль Хомчанка, Аляксей Русецкі, Алесь Пісьмянкоў і інш. ■
Падрыхтавала Жанна БЯЛЬКО.
