Праблемы ў гандлі і ўтварэнне цэнтра фальклору. Пра што пісала «Браслаўская звязда» 35 гадоў таму назад

Новости

ПАПАЎНЯЕЦЦА КАСА

У касу калгаса імя Машэрава паступаюць грошы ад вытворчай дзейнасці адкрытага там цэха падсобнага промыслу. Чатыры чалавекі наладзілі ў гаспадарцы выпуск дываноў. За 2 месяцы працы цэха выпушчана больш за паўтары тысячы вырабаў. У планах майстроў – павялічыць іх колькасць да 2 тыс. у месяц. Збываюць прадукцыю ў асноўным на гандлёвыя базы Расіі, дзе на яе ўстойлівы попыт. Кааперацыя плаціць 80 – 90 рублёў за дыван, што выгадна і майстрам, і калгасу.


ЗАХАВАЦЬ СПАДЧЫНУ

Фальклор, народныя традыцыі, звычаі, рамёствы – тая крыніца, што спрадвеку жывіла культуру. Аднак з лёгкай рукі некампетэнтных чыноўнікаў іх сталі лічыць забабонамі. На жаль, больш адукаванымі мы не сталі, наадварот, духоўна зжабрачыліся. Таму сабраць і захаваць кожную крупінку народнай творчасці – пачэсны абавязак работнікаў культуры, усёй інтэлігенцыі. Гэтай справай пачаў займацца створаны пры аддзеле культуры райвыканкама навукова-метадычны цэнтр.


ДЗЯКУЙ – «ПАКЛАПАЦІЛІСЯ»

пра сельскіх жыхароў работнікі гандлёвай базы: першы раз за лета прывезлі ў мяжанскі магазін аж 50 скрынь ліманаду. Хай, маўляў, нашы кармільцы прамочаць у спякотныя дні свае прапыленыя горлы кісленькім. Так, не салодзенькім, бо пры тэрміне захоўвання ліманаду 7 сутак у Мяжаны ён трапіў толькі на восьмыя – памутнелы, з нейкімі белымі шматкамі. Цукру ж на ліпеньскія талоны не было завезена яшчэ 26 чысла: машын няма. А як сапсаваны напітак развозіць – наце вам, калі ласка.


ТРЫВОЖНАЯ СТАТЫСТЫКА ДАРОЖНЫХ ЗДАРЭННЯЎ

Супастаўленне стану дарожна-транспартнай дысцыпліны з мінулагоднім – яскравы крытэрый характарыстыкі яе агульнага становішча ў раёне. І тут не ўсё добра. Калі летась за 1-е паўгоддзе на дарогах Браслаўшчыны было ўчынена 918 розных парушэнняў і затрымана 198 п’яных вадзіцеляў, то сёлета за такі ж перыяд – 1 255 і 214 адпаведна. У два з паловай разы ўзрасла колькасць ДТЗ. Супрацоўнікі ДАІ выкрылі 146 выпадкаў перавышэння хуткасці, 82 вадзіцелі пазбаўлены правоў.


НА НОВУЮ ФОРМУ РАЗМЕРКАВАННЯ

Новая спроба справядліва размеркаваць худнеючы рыначны фонд жыццёва неабходных прадуктаў і рэчаў будзе зроблена 1 верасня. Ужо ў жніўні ўсім пакупнікам пачнуць выдаваць візітныя карткі новага ўзору, якія заменяць існуючую талонную сістэму. На першай старонцы будзе пасведчанне асобы, усе астатнія – гэта талоны на розныя спажывецкія тавары. У мужчынскіх і жаночых картках – адпаведны асартымент, на сям’ю даюцца ўкладышы на дзіцячыя рэчы і агульнага карыстання.


МАРУДЗІЦЬ НЕЛЬГА!

У размовах пра арганізацыю нацыянальнага парка ў нашым раёне ўсё гучней раздаюцца галасы, маўляў, не нашкодзіць бы паспешлівасцю і ці варта ўвогуле браць лішнія клопаты на сваю галаву. Між тым пры пастаянным «узмацненні» барацьбы за ахову прыроды мы за апошніх 20 – 30 гадоў яшчэ больш забрудзілі наваколле. Таму ў дадзеным выпадку паспешлівасцю немагчыма нашкодзіць і стварэнне нацпарка – шырокі крок у культурным, сацыяльным і эканамічным развіцці раёна. Зрабіць яго прымушае адказнасць перад нашчадкамі. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.