Новы дзіцячы сад і кантэйнерная аўтазапраўка. Пра што пісала «Браслаўская звязда» 40 гадоў таму назад

Отдых

ДОРЫЦЬ СВЯТА ВЫКАНКАМ

У раёне заваёўваюць папулярнасць новыя грамадзянскія абрады. Усё больш жыхароў Браслаўшчыны жадаюць ва ўрачыстай абстаноўцы адзначыць сваю радасць: маладыя бацькі – зарэгістраваць нараджэнне сына ці дачкі, маладажоны – свой шлюб, умудроныя вопытам сямейнага жыцця – сярэбраны ці залаты юбілей. І накіроўваюцца людзі ў выканкамы мясцовых Саветаў народных дэпутатаў, дзе абсталяваны спецыяльныя пакоі для такіх цырымоній.

З ДАПАМОГАЙ АВІЯЦЫІ

У калгасе «Прагрэс» два гады таму ўпершыню з дапамогай верталёта сельскагаспадарчай авіяцыі ўнеслі на значнай плошчы вадкія комплексныя ўгнаенні пад яравыя. Пераканаўшыся ў выгадзе запраўкі глебы з паветра, тут вырашылі прадоўжыць работу і сёлета. Нядаўна з верталёта МІ-2 была праведзена апрацоўка 130 га бульбяных і 394 га збожжавых палеткаў прэпаратамі супраць захворвання раслін.

КВАТЭРЫ НОВЫЯ, А ЛЮДЗІ НЕ ЗАДАВОЛЕНЫ

XXVII з’езд партыі заклікаў да паляпшэння якасці прадукцыі і ўсёй работы. Але ў некаторых калектывах пра гэта забываюць. Узяць МПМК-43: будаўнічыя планы выконваюцца, а вось наконт якасці справы іншыя. Напрыклад, у калгасе «Іскра» ўзвялі тры чатырохкватэрныя дамы: дахі працякаюць, тынковачныя работы праведзены неахайна, шпалеры не прыклеіць да сцен з-за вільгаці. Маюцца праблемы і ў МПМК-44, што будуе дзіцячы сад і сярэднюю школу ў Браславе.

ШЧАСЦЕ НЕ Ў КВЕТЦЫ

З даўніх часоў дайшло паданне: той стане шчаслівы, хто ў купальскую ноч знойдзе кветку папараці. Гараджане, якія сабраліся ў нядзелю на Замкавай гары, сталі сведкамі адраджэння старога абраду, падрыхтаванага работнікамі райаддзела культуры. Праўда, з істотным удакладненнем: шчасце не ў кветцы, а ў сумленнай працы. Таму і былі ўшанаваны на свяце слаўныя работнікі Браслаўшчыны.

ПАЛЯПШАЮЦЬ ПАРОДУ

У калгасе «Беларусь» вырашылі палепшыць мясцовую пароду коней. У спецыялізаванай гаспадарцы Мінскай вобласці купілі племяннога жарабка запражной пароды. Калгас пералічыў за Яўрыка, як назвалі яго хлапчукі, 4 595 рублёў. Усяго ў калгасе налічваецца 47 коней, палавіна з іх – жарабяты. Жывое цягло пастаянна выкарыстоўваецца на падвозцы грузаў, апрацоўцы прысядзібных участкаў.

НІ ПРАЕХАЦЬ, НІ ПРАЙСЦІ

У 1969 г. у раёне гаргаза сталі выдзяляць участкі пад забудову. Тады і з’явіліся першыя дамы па вул. Я. Коласа. Па завяршэнні будаўніцтва жыхары ўзяліся за добраўпарадкаванне, навезлі гравію, выраўналі насып. Пасля ж узвядзення ведамасных дамоў да іх вялі ваду, пракладвалі тэлефонны кабель, паднялі наверх гліну – і вуліца стала непраезнай. Часам, каб выйсці на Юбілейную, людзі прабіраюцца праз суседнія двары і агароды. Колькі ні пісалі ў гарсавет – адказу не дачакаліся.

БРАСЛАЎСКІЯ НАВІНЫ

– У сувязі з рэканструкцыяй гарадскога стадыёна РС ДФСТ прафсаюзаў набыты ядры, дыскі, форма і інвентар для футбола, баскетбола, дзюдо, 4 пнеўмапісталеты для біятлона і інш.

– З 1 жніўня ў Браславе пачне працу новы дзіцячы сад, размешчаны каля воз. Бярэжа ў раёне шматпавярховых забудоў. Ён разлічаны на 280 выхаванцаў ад года да шасці.

– На скрыжаванні дарог Браслаў – Відзы – Даўгаўпілс побач з першай АЗС у жніўні адкрыецца новая кантэйнерная аўтазаправачная станцыя. Яе 4 калонкі будуць выдаваць бензін А-76 і А-93.

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.