Падчас рабочай паездкі Галавы дзяржавы ў Аршанскі раён старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік далажыў пра работу з інвестарамі ў сельскай гаспадарцы, рэалізацыю новых праектаў з сукупнымі інвестыцыямі амаль 1 млрд рублёў. У ліку інвестараў – агракамбінат «Дзяржынскі», ААТ «Савушкін прадукт», Горацкі харчовы камбінат, кампанія «Сервалюкс».
«Агракамбінат “Дзяржынскі” ўжо зайшоў на Аршанскі мясакамбінат. Эканоміка там стала значна лепшай. Тут без усялякіх сумненняў абсалютна правільнае рашэнне», – сказаў Аляксандр Рагожнік. Дадаткова дамовіліся пра будаўніцтва аб’ектаў у птушкагадоўлі, для адкорму буйной рагатай жывёлы.
«Савушкін прадукт» рэканструюе Полацкі малочны камбінат. «Мадэрнізацыя ідзе поўным ходам. Абсталяванне паступае», – паведаміў кіраўнік рэгіёна. Паводле яго слоў, разлік – на запуск магутнай перапрацоўкі. У перспектыве гэта дасць добрую цану на сыравіну для пастаўкі з гаспадарак.
«Сыравіну добрую яны атрымаюць. Але ўкласціся ў зямлю павінны. Таму што ўсё пачынаецца адтуль – ад малака, ад мяса», – акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
Яшчэ адзін інвестпраект рэалізуе Горацкі харчовы камбінат: пасля мадэрнізацыі Віцебскі малаказавод зможа вырабляць высокарэнтабельны кісламалочны напітак.
«Сервалюкс» інвестуе ў сельскагаспадарчыя арганізацыі Дубровенскага раёна. Ёсць дамоўленасці наконт будаўніцтва некалькіх жывёлагадоўчых комплексаў і перспектыўных праектаў з удзелам іншых інвестараў.
Аляксандр Рагожнік таксама расказаў пра нарыхтоўку кармоў, разлікі на ўраджай і падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі. У гэтым годзе вобласць значна павялічыла плошчы пад кукурузу і нарыхтоўвае травяныя кармы з вялікім апярэджаннем. Ёсць прырост і па паказчыках у жывёлагадоўлі.
Валавы збор збожжа з улікам кукурузы і рапсу, як чакаецца, складзе на Віцебшчыне 1,2 млн т. У мінулым годзе сабралі крыху больш за мільён тон. Гэта значыць, у рэгіёне разлічваюць на значны прырост. «Дай бог, каб гэта было так», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БелТА.
